Сказаць, што выбары ў мясцовыя саветы прайшлі прадказальна — гэта нічога не сказаць. Іншага сцэнара, акрамя «апазыцыю не ўключылі ў выбарчыя камісіі, прыціскалі на ўсіх этапах кампаніі, а потым няведама як палічылі галасы, у выніку чаго дэпутатамі сталі амаль выключна кандыдаты ад рэжыма» сабе проста не магчыма было ўявіць. Усё праходзілі ўжо столькі разоў, што не выпадае ані зьдзіўляцца, ані сьмяяцца.

У прынцыпе, некалькі месяцаў таму было напісана, што па выніках выбараў ў мясцовыя саветы павінна быць выпрацавана стратэгія на прэзыдэнцкія выбары і што, мяркуючы па ўсім, апазыцыя ўжо павінна была рыхтавацца да байкоту прэзыдэнцкіх выбараў.

Тэст уладамі быў яўна правалены, значыцца пасьлядоўным зьяўляецца актыўны байкот прэзыдэнцкіх «выбараў».
То бок, варта знайсьці нейкую форму ўдзела ў гэтай пастаноўцы, пры якой можна захаваць твар і адкрыта кпіць зь яе, адкрыта заяўляць пра характар таго, што адбываецца ў краіне з трыбуны кандыдата.

Анатоль Лябедзька кажа: «мы должны потребовать вернуться к рассмотрению законопроекта о внесении изменений в Избирательный кодекс, выработанному нашими экспертами. Мы должны требовать гарантированного включения представителей оппозиции в избирательные комиссии и узаконить механизм контроля за подсчетом голосов. Если власти отказываются, мы должны взять на себя морально-политическое обязательство: участвовать во всех этапах президентской кампании, но на финише снять нашего кандидата. И пусть Лукашенко с Гайдукевич как хотят, так и делят 80% голосов.» (тлустым выдзелена мною — АЧ)

І ў сёньняшніх варунках гэта безумоўна правільна.

А яшчэ — ці

знайдуць цяпер апазыцыянэры адзінага кандыдата ці не — ролі гэта ніякае не грае. Можа, нават і добра, што балятавацца будуць некалькі чалавек:
большая колькасьць грамадзян зможа пачуць, што ў краіне ўсё ж ёсьць альтэрнатыўная думка і што тая альтэрнатыўная думка нярэдка прадстаўленая адэкватнымі людзьмі. Хай вучацца людзі плюралізму.
Якая розьніца, калі выбараў усё роўна няма?

Уладзімір Колас наадварот піша, што «не варта цяпер губляць час на доказы неабходнасці кансалідацыі намаганняў дэмакратычнай часткі грамадства. Відавочна, што без іх казаць пра перамогу на будучых прэзідэнцкіх выбарах, а таксама кантролю за выбарамі і абарону сапраўдных вынікаў, немагчыма».

Але ну няўжо пра перамогу на тых выбарах і абарону сапраўдных вынікаў можна будзе казаць нават калі раптам апазыцыя выступіць кансалідавана? Хіба не была апазыцыя па магчымасьці скансалідаванай у 2006 ці нават 2001 гг.?

Кансалідацыя ў апазыцыі хутчэй павінна адбыцца ў выглядзе натуральнага адбору і далучэньня слабых гульцоў да моцных, а не ў выніку кампрамісаваньня ўсіх з усімі.

Магчымымі цэнтрамі кансалідацыі, здаецца, былі і застаюцца АГП і БХД.

Другія, дарэчы, дасягнулі ў апошнія дні пару прыемных сымбалічных перамог: хадэкі, здаецца, няблага выступілі на «выбарах» у мясцовыя саветы (хаця пацьверджаньня, ці зрабіліся дэпутатамі А. Цюлькоў, Ж. Шчарбініна і В. Бардзюг знайсьці не атрымалася — відаць, што не зрабіліся). Цяпер галоўнае, каб БХД рэалізавала свой намер сачыць за дзеяньнямі ўладаў у рэгіёнах, дзе кандыдаты ад хадэцыі нібыта рэальна перамаглі.

Акрамя гэтага,

БХД упершыню ўзяла на сябе арганізацыю Чарнобыльскага шляху — знакавай акцыі, правядзеньне якой для правай апазыцыі ёсьць справай гонару (ці прынамсі павінна быць ёю). Ці ня ёсьць гэта сымбалічнай перадачай штандара лідарства сярод беларускіх правых да БХД?
Пабачым.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?