Наступная прэзідэнцкая кампанія будзе вельмі цяжкай, заявіў Аляксандр Лукашэнка 27 красавіка ў ходзе паездкі па Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці.

«Расслабляцца нам ні ў якім выпадку нельга, — падкрэсліў беларускі кіраўнік. — Выбары ў саветы ў нашай краіне — гэта вельмі важная кампанія, але не асноўная. Наперадзе ў нас асноўная кампанія. Вельмі цяжкая будзе кампанія, вельмі цяжкая.

І калі ў гэтай кампаніі прыйдзецца ўдзельнічаць дзейнаму прэзідэнту,

то яна яшчэ цяжэйшай будзе, таму што вы бачыце, каму тут дзейны прэзідэнт не падабаецца, каму гэта не ў лад і на Захадзе, і на Усходзе. І, натуральна, рукі чэшуцца, хочацца неяк сюды ўлезці».

«Я наконт гэтага не вельмі перажываю, проста вам кажу: расслабляцца не трэба», — сказаў Лукашэнка.

«Я ўжо, шчыра кажучы, напрацаваўся, — адзначыў ён. — Калі вы знойдзеце іншага прэзідэнта, страху не будзе. Усё роўна, рана ці позна, яго трэба будзе знайсці. Таму, калі знойдзеце, ну, што ж, добра».

«Расслабляцца вам не трэба таму, што, каб не адбылося тое, што адбываецца ў некаторых рэспубліках, нядаўна ў Кіргізіі адбылося. Вось гэта нам не трэба. Калі хтосьці там апладзіруе і радуецца, то толькі не кіргізскі народ. Таму што такія рэвалюцыі адкідваюць дзяржаву і народ у сваім развіцці ну, напэўна, не на адзін дзесятак гадоў. А хто гэта ўсё будзе цягнуць на сваіх плячах? Вы, простыя людзі», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, падчас мясцовых выбараў практычна ўсюды абраныя «нармальныя, здольныя працаваць людзі». «Ёсць, праўда, і апазіцыянеры, — адзначыў беларускі кіраўнік. — Нашы, праўда, чыноўнікі занерваваліся.

Я кажу: ды супакойцеся, усё нармальна. Ну, прайшлі недзе апазіцыянеры. Апазіцыя ж таксама неаднародная.

Я яе так званай называю, апазіцыю. Яна розная. Там таксама ёсць нармальныя людзі».

Лукашэнка заявіў, што ў цэлым задаволены мясцовымі выбарамі.

«Калі б у нас было за што зачапіцца, тарарам быў бы на ўвесь свет, гэта дакладна», — лічыць ён.

На думку Лукашэнкі, «мы пачынаем уздымацца пасля гэтага ўсяго сусветнага крызісу». «Ёсць надзея, што дзесьці праз тры месяцы, праз пяць, ну, можа, паўгода мы вернемся ўжо да таго перыяду, і ў тым ліку і па ўзроўню заработнай платы, што быў да крызісу, — сказаў ён. —

Летась у гэты час, прабачце мяне, я розум губляў, мучыўшы і міністра сельскай гаспадаркі, і іншых:

залежы на складах прадуктаў харчавання, непрададзеныя сыры, малочную прадукцыю не бяруць, ды яшчэ расіяне падкінулі, ведаеце, нам праблему, калі закрылі мяжу».

«Сёння на складах нічога няма, і стаяць у чарзе людзі з той жа Расіі: дайце. І за прыстойныя грошы. Мы да трох мільярдаў долараў давядзем выручку ад прадукцыі сельскай гаспадаркі. Натуральна, забяспечым і сябе прадуктамі харчавання, — заявіў Лукашэнка. — Таму вось гэта таксама нам здаецца, з аднаго боку, і добра, а з іншага, не на карысць, таму што з'явілася шмат зайздроснікаў: а-а-а, вось у іх нафты і газу няма, але ў іх, ці бачыце, лепш, яны жывуць добра, напэўна, жывуць за кошт нас, гэта значыць іх. Ды мы за кошт сябе жывем, за кошт сваіх рук, за кошт сваіх мазалёў, як гэта прывыклі не толькі на Палессі, але і ўсюды… Людзі ўсюды пачалі варушыцца і працаваць… З крызісу трэба выходзіць першымі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?