Мінскі дызайнер Раман Шык прапанаваў хіт сезону — беларускамоўныя паштоўкі.

Цікава, што на момант з’яўлення ідэі сам аўтар быў чалавекам рускамоўным. Аднак новы праект так захапіў Рамана, што ён пачаў вывучаць родную мову. І з журналістам гаварыў па‑беларуску.

— Акрамя сваёй асноўнай працы дызайнерам па рэкламе, у свабодны час я люблю маляваць што‑небудзь вясёлае: коміксы альбо карыкатуры, — распавядае Раман. — Аднойчы мая знаёмая Аксана Бразевіч, майстар па манікюру, разглядала гумарыстычны часопіс з маімі малюнкамі. І раптам кажа: «Чаму б табе не паспрабаваць рабіць свае паштоўкі?»

На гэта я адказваю, што таксама пра гэта думаў, але паштовак прадаецца вялікая колькасць на любы густ і будзе вельмі складана канкурыраваць з расійскімі выдавецтвамі, якія даўно захапілі беларускі рынак і так проста нікога туды не пусцяць.

«А давай рабіць паштоўкі на беларускай мове. Іх нідзе няма», — прапанавала Аксана.

Я задумаўся ўсяго на дзве‑тры секунды, а потым выгукнуў: «Ідэя — супер!» Нават за такі кароткі час паспеў уявіць аддзел паштовак у кнігарні і пакупнікоў, якія, перабіраючы дзесяткі розных рускамоўных паштовак, трапляюць на беларускую і адразу вырашаюць купіць менавіта яе.


Ідэя настолькі захапіла мяне, што ўжо праз некалькі дзён я выйшаў з гарвыканкама, трымаючы ў руках пасведчанне індывідуальнага прадпрымальніка. Наступныя два месяцы быў заняты распрацоўкай і маляваннем паштовак. Нарэшце яны былі гатовыя. 16 розных відаў — увесь пачатковы асартымент.

— Ты друкаваў іх на ўласныя грошы?

— Так. Праз месяц забраў невялікі тыраж з друкарні і пайшоў па крамах прапаноўваць сваю прадукцыю на рэалізацыю. Большасць адразу згадзіліся.

Бывала, пакуль паказваю дырэктару магазіна «тавар», усе астатнія супрацоўнікі збягаюцца: ім таксама вельмі цікава паглядзець на новыя беларускія паштоўкі, як на нешта неверагоднае.

Усе настолькі прызвычаіліся да таго, што паштоўкі бываюць толькі на рускай мове, за выключэннем некалькіх з банальнымі «Віншую!» і «Са святам!» з фотаздымкамі кветак.

Так паступова назбіраліся 23 гандлёвыя кропкі, у якіх мае паштоўкі прадаюцца.

— І што, ніхто не адмаўляўся ад тваіх паштовак?

— На жаль, ёсць некалькі прадаўцоў, якія ўпарта не хочуць супрацоўнічаць. Кажуць, у іх дастаткова пастаўшчыкоў. «Усе мае паштоўкі толькі на беларускай мове. Такіх яшчэ не было», — спрабую іх пераканаць. У адказ чую: «А нам все равно.»


Але я не збіраюся здавацца — буду перыядычна рабіць ім прапановы зноў і зноў, пакуль не згадзяцца.

А тым часам рыхтую новую партыю паштовак, якую вось‑вось аддам у друкарню.

Планую паступова павялічваць асартымент, каб кожны чалавек мог знайсці патрэбную яму паштоўку па‑беларуску.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?