Найвялікшая ў Іране рэфарматарская газэта Sharq была ў панядзелак ліквідаваная ўладамі. Агулам з 2000 г. іранскія ўлады ліквідавалі каля ста газэтаў.

У афіцыйнай заяве Міністэрства культуры, што займаецца кантролем прэсы, праінфармавала, што Sharq атрымаў раней 70 папярэджаньняў за публікацыю «ерэтычных артыкулаў, якія зьневажалі маральныя і рэлігійныя аўтарытэты і стваралі атмасфэру грамадзкага неспакою».

Колькі тыдняў таму ўлады запатрабавалі ад уладальнікаў выданьня, каб тыя замянілі цяперашняга галоўнага рэдактара Мухамада Рахманяна на кагосьці, хто «будзе лепш кантраляваць сытуацыю ў газэце». Вызначаны ім тэрмін скончыўся ў нядзелю. Паколькі Рахманян застаецца на сваёй пасадзе, быў выдадзены загад пра закрыцьцё газэты, якую штодзённа купляе каля 100 тыс. іранцаў.

Міністэрства раскрытыкавала ў прыватнасьці карыкатуру, якую Sharq надрукавала ў апошні чацьвер. На ёй выяўлены асёл, які з арэолам над галавой сядзіць над шахматнай дошкай. У ёй былі ўгледжаныя кпіны з радыкальнага прэзыдэнта Махмуда Агмадынэжада. Ён нібыта распавядаў, што падчас леташняга выступу ў нью-ёрскай сядзібе ААН яго атачала цудоўнае, Боскае кола сьвятла. Агмадынэжад афіцыйна зьняпраўдзіў гэтае выказваньне, але яго ворагі кпяць зь яго зь вялікім задавальненьнем.

— Яны ня могуць закрыць газэту за карыкатуру. Гэта па-за кампэтэнцыяй Міністэрства, — казаў учора Рахманян, які аб'явіў пра абскарджаньне ў судзе.

З 2000 г. іранскія ўлады ліквідавалі каля ста газэтаў, якія пасьля часьцяком адкрываліся зноўку з тымі самымі камандамі журналістаў, але пад іншымі назвамі. Аднак ніводная газэта не была нагэтулькі вялікая і ўплывовая, як Sharq.

Прэзыдэнт Агмадынэжад, які прыйшоў да ўлады год таму, асабліва энэргічна атакуе іранскіх рэфарматараў і аматараў навінак з гнілога Захаду. Ужо больш за месяц у Тэгеране трывае акцыя па зьнішчэньні спадарожнікавых антэнаў, якія, хоць і былі фармальна забароненыя, паўсюль выкарыстоўваліся, і ўлады да гэтага часу заплюшчвалі на іх вочы.

У сваю чаргу два тыдні таму, падчас Дзён Моладзі, Агмадынэжад раіў студэнтам, каб «перасталі цярпець занадта лібэральных і заангажаваных у палітыку выкладчыкаў», і нават стукнуў сябе ў грудзі і прасіў у моладзі прабачэньня, што такія выкладчыкі яшчэ не былі закліканыя да парадку.

?

Фота з geocities.com/martinkramerorg

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?