Старое Гродна працягваюць разбураць. Прычыну трэба шукаць у расійскай, усходняй ментальнасці начальства. Еўрапейскі горад — інтэр’ерны, прастора вакол жыхара агароджана будынкамі, апрача неба над галавой. Пляцы ў еўрапейскім горадзе забудаваныя з усіх бакоў і існуюць для збору грамадзянаў або як рынкі. Усходні пляц — гэта вольная ад забудоў прастора ў горадзе, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя цяперашняга ўладара і дзе стаіць помнік пачынальніку дынастыі, з якой паходзіць уладар.

З гэтага пляца павінны быць бачны гарызонты неабсяжнай краіны і на гэтым пляцы павінны адбывацца вайсковыя парады з удзелам сланоў або танкаў.

Мне казалі, што гадоў сорак таму гродзенскія ўлады меліся зруйнаваць на Савецкім пляцы Фарны касцёл, каб з пляца былі відаць коміны прадпрыемства «Азот». Цяперашнія кіраўнікі Гродна высеклі дрэвы на пляцы, якія выконвалі тую ж функцыю, што раней палац Радзівілаў, і раскрылі прастору з комінамі нейкага завода.

Пакуль мысленне нашых чыноўнікаў і архітэктараў будзе не беларускім — нашы старыя гарады будуць разбурацца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?