Качэўнік. Казахстан – ЗША, 2004, каляровы, 111 хв.

Жанр: Гістарычны эпас. Адзнака: 4 (з 10)

Казахстанская стужка «Качэўнік» да болю нагадвае «Анастасію Слуцкую» – толькі зь непараўнальна большым бюджэтам, амэрыканскімі прадусарамі й пракатным піяр-размахам.

Сярод прадусараў – Мілаш Форман, і, паглядзеўшы фільм, цяжка зразумець, што ён там робіць. Ёсьць і амэрыканскія акторы, сярод іх Марк Дакаскас – найлепшы.

Але карціна – назарбаеўскі ўра-патрыятычны кардон.

Сюжэт: мудры стары хавае ханскага сына ад джунгарскіх захопнікаў і выхоўвае. Малады хан Аблай мусіць аб’яднаць казаскія плямёны.

Сцэнарыст Рустам Ібрагімбэкаў яўна схалтурыў. Не пайшла стужцы на карысьць і чарада рэжысэраў: Сяргей Бадроў-старэйшы, Іван Пасэр, Талгат Тэменаў. Усё гэта нам знаёма.

Як і ў «Анастасіі», акторы ня граюць: становяцца ў позу. Як і ў «Анастасіі» найвыігрышнае – апэратарскія здымкі: казаскі стэп, аблокі ў чырвані, пясок.

Стваральнікам фільму хапіла розуму не запрашаць на карціну стрыптызэраў – і не скупіцца на піратэхнічныя эфэкты, а сцэна праезду Аблая праз стралкоў амаль галівудзкая.

Але ў фільме галоўнае – уступныя й заключныя цытаты з Назарбаева.

Па замове – і выкананьне.

Карціна – для патрыётаў-казахаў і прыхільнікаў Назарбаева.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?