30 гадоў таму, 4 траўня 1980 году, памёр кіраўнік Югаславіі, адна з самых яскравых палітычных постацяў ХХ стагодзьдзя, камуніст, які кінуў выклік Сталіну — Ёсіп Броз Ціта.

Жыцьцё Ціта чытаецца, як прыгодніцкі раман. Салдат войска Аўстра‑ Вугоршчыны, ваеннапалонны ў Расеі, агент Камінтэрну, лідэр югаслаўскай кампартыі, знакаміты правадыр партызанскага супраціву нацысцкай акупацыі, кіраўнік пасьляваеннай Югаславіі.

Але ці ня самы значны пэрыяд у біяграфіі Ціта — шматгадовае супрацьстаяньне сталінскаму СССР. Расколіна ў камуністычным маналіце, якую спарадзіў бунт Ціта супраць «чырвонай» Масквы, стала адным з чыньнікаў канца сусьветнага камунізму.

Дарэчы, досьвед гэтага бунту і пазьнейшае пасьлясталінскае балянсаваньне Югаславіі паміж Усходам і Захадам — гэта, як ні дзіўна, магчыма, тое, што рэальна засталося ад спадчыны правадыра пасьляваеннай Югаславіі.

У 1948 годзе здавалася, што прынамсі ў Эўропе любая краіна мае толькі два варыянты — Усход ці Захад, камуністычны ці заходні лягер.

Праўда, былі пэўныя асаблівасьці: Югаславія — ці не адзіная краіна Ўсходняй Эўропы, куды камунізм пасьля вайны прыйшоў не на савецкіх штыхах, камуністычныя правадыры якой не прыехалі ў абозе савецкіх войскаў. Ціта быў сапраўдным лідэрам супраціву нацысцкай акупацыі,

партызаны Ціта самі вызвалілі значную частку сваёй краіны.

Напачатку канфлікту палітыка балянсу праглядалася толькі ўскосна. Для Масквы і ўсяго сацлягеру Бялград Ціта быў здраднікам і ворагам, кіраўніцтва Югаславіі называлася не інакш, як «бандай палітычных забойцаў», практыкаваліся ўсе мэтады — ад разрыву эканамічных адносінаў да спробаў забіць Ціта. У адказ маршал кінуў у лягеры каля 20 тысяч югаславаў — прыхільнікаў савецкай лініі.

Дагэтуль невядома, ці існавалі пляны ваеннай інтэрвэнцыі. Але Югаславія рыхтавалася да гэтага. Магчыма, гэта і ня ўратавала б, калі б на дапамогу Югаславіі не прыйшоў Захад. Парадокс сытуацыі палягаў у тым, што рэжым Ціта заставаўся камуністычным, з усімі яго асаблівасьцямі. Аднак Захад пачаў дапамагаць свайму ідэалягічнаму ворагу, але геапалітычнаму саюзьніку.

Потым, пасьля сьмерці Сталіна і нармалізацыі адносінаў паміж Югаславіяй і СССР, палітыка Бялграду стала ўзорам балянсаваньня ў чыстым выглядзе — супрацоўніцтва і дыстанцыя ад абедзьвюх цэнтраў плянэтарнага супрацьстаяньня дазаваліся такім чынам, каб захаваць самастойнасьць.

Цяперашнія лідэры постсавецкіх краін, якія спрабуюць выбудоўваць балянс паміж Захадам і Масквой, фактычна выступаюць эпігонамі маршала.

А вось унутрыпалітычная спадчына Ціта аказалася разбураная ўся, дашчэнту. Краіна, адроджаная ім пасьля вайны, спаяная ягонай харызмай, развалілася з морам крыві.

Югаслаўскі сацыялізм, значна больш лібэральны і гнуткі, абрынуўся гэтак жа, як і яго менш лібэральныя аналягі ў іншых краінах.

Памяць Ціта, маштабнай асобы, героя вайны, не выклікае праклёнаў, як памяць іншых камуністычных правадыроў. Але нават у самой былой Югаславіі ягоны лёс — забыцьцё. Скончылася ня толькі яго адзіная краіна, яго ідэалёгія, скончылася і палітыка балянсаваньня: Славенія — сябра НАТО і Эўразьвязу, летась сябрам НАТО стала Харватыя, інтэграцыя ў Эўразьвяз — галоўная палітычная мэта Сэрбіі. Сыстэма, створаная вялікім чалавекам, ненадоўга перажыла яго самога, балянс, які вытрымліваўся яго рукой майстра, зьмяніўся выразна зробленым выбарам.

Не закон, зразумела. Але так бывае, пра што сьведчыць лёс маршала Ціта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?