Вайна прыватных інтэрнэт-правайдэраў з «Белтэлекамам», якія добра патрапалі нервы манапалісту ў мінулым годзе і прывялі да істотнага зніжэння коштаў на доступ у інтэрнэт для шараговых беларусаў, прадказальна скончылася поўнай і канчатковай перамогай апошняга.

У канцы красавіка патэнцыйнае акцыянернае таварыства адабрала адзіную крыніцу прыбытку прыватных правайдэраў — абслугоўванне юрыдычных асоб. Цяпер мегабітны анлім ад byfly (гандлёвая марка «Белтэлекама») па кошце 33 $ могуць набываць не толькі звычайныя грамадзяне, але і фірмы. Цана для юрасобаў знізілася ў 10 разоў! Аналагічны канал з так званай гарантаванай паласой прапускання для інтэрнэт-правайдэраў уладальнік вонкавага шлюза прадае за 416 $ без уліку ПДВ, але з улікам красавіцкай зніжкі ў 25%. Каб спрацаваць у нуль і прапанаваць канчатковым спажыўцам падобныя безлімітныя ўмовы, прыватны правайдэр павінен умудрыцца павесіць на адзін канал мінімум 12 кліентаў. На мове аператараў сувязі гэта называецца мультыплікатарам, на якім фізічна не можа быць больш за 2–3. Відавочна, пакуты прыватнікаў будуць нядоўгімі — роўна столькі, колькі трэба часу для пераскладання дамовы са шчодрым «Белтэлекамам».

З абслугоўваннем фізічных асобаў пытанне было вырашанае яшчэ раней. Безлімітныя прапановы byfly, стартавыя пакеты па цане ад 6 $ і непадзельны кантроль рэгіянальных рынкаў канчаткова пахавалі магчымасці канкурэнтаў манеўраваць. Сітуацыя па 100% захопе рынку стрымліваецца толькі агіднай падтрымкай і непаваротлівасцю манапаліста ў абслугоўванні шараговых карыстальнікаў. «Інтэрнэт па талонах» больш не здаецца такім ужо перабольшаннем — кліенты месяцамі стаяць у чарзе на падключэнне да byfly.

Дзеянні «Белтэлекама», ухваленыя Мінсувязі, больш нагадваюць тактыку выпаленай зямлі і прывялі да знішчэння канкурэнцыі. На першы погляд такая дзяржаўная палітыка пазбаўленая сэнсу. Але на фоне будучай лібералізацыі рынку сувязі і з’яўлення альтэрнатыўных міжнародных аператараў напрошваецца простая як граблі выснова: прыватных правайдэраў ставяць на мяжу выжывання перад перадзелам рынку. Схема, гадамі абкатаная у суседняй Расіі і названая «рэйдэрскім захопам», перадугледжвае прыход «сур’ёзнага гульца», які зможа зацікавіць патрэбных чыноўнікаў ад сувязі і без лішняга шуму за капейкі загрэбці сабе частку перспектыўнага рынку. У канчатковым вырашэнні пытання зацікаўленыя кітайскія і расійскія карпарацыі, якія падтрымліваюцца так званымі «генераламі» галіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?