Еўрапейская мапа – састарэлая і нелагічная. Вось як яна мусіць выглядаць


Людзі, якім надакучылі суседзі, могуць пераехаць у іншы раён. А краіны не могуць. Але дапусцім, што было б, калі б яны маглі. Калі мапу Еўропы перабудаваць, жыццё стане больш лагічным і прыязным.

Вялікабрытанія, якая пасля ўсеагульных выбараў будзе вымушаная зірнуць у вочы жахліваму дзяржаўнаму бюджэту, павінная наблізіцца да краін Паўднёвай Еўропы, якія апынуліся ў аналагічным становішчы. Яе трэба адбуксаваць да Азорскіх астравоў. (Калі дарога будзе з калдобінамі, з’явіцца добрая магчымасць размясціць Ўэльс і Шатландыю на асобных выспах).

На месца Вялікабрытаніі варта размясціць Польшчу, якая дастаткова пацярпела, знаходзячыся паміж Расіяй і Германіяй, і заслугоўвае таго, каб атрымліваць асалоду ад бадзёрлівых вятроў Паўночнай Атлантыкі і быць абароненай морам ад усіх патэнцыйных захопнікаў.

Незразумелыя фламандска-французскія моўныя спрэчкі ў Бельгіі вельмі нагадваюць Цэнтральную Еўропу ў найгоршым сэнсе, асабліва тую лухту, якую Славакія прыдумляе для сваёй венгерскамоўнай этнічнай меншасці. Таму Бельгія павінная памяняцца месцамі з Чэхіяй. Флегматычныя, добра арганізаваныя чэхі выдатна пасябруюць са сваімі новымі суседзямі – нідэрландцамі, і наадварот.

Беларусь, якая цяпер не мае выхаду да мора і спрабуе выпаўзці з-пад расійскага бота, значна выйграе ад уплыву скандынаўскага рэгіёну – балтыйскім краінам гэта вельмі дапамагло пазбавіцца ад савецкай спадчыны. Значыцца, Беларусі трэба рухацца на поўнач да Балтыйскага мора і заняць месца Эстоніі, Латвіі і Літвы.
Тры апошнія краіны мусяць дыслакавацца дзесьці каля Ірландыі. Як і Смарагдавая выспа, яны будуць вымушаныя змірыцца з суворай неабходнасцю "ўнутранай дэвальвацыі", аднаўлення канкурэнтаздольнасці за кошт скарачэння заробкаў і цэнаў замест таго, каб абраць лёгкі шялх абясцэньвання грошай або неразважлівых пазыкаў, як Грэцыя. Прыбалтыка будзе шчаслівая, знаходзячыся далей ад Расіі і бліжэй да Амерыкі. Сярод іншага, Калінінградскую вобласць можна зрушыць уверх па ўзбярэжжы ў бок Расіі, паклаўшы канец яе ненармальнаму статусу спадчыннага анклаву Другой сусветнай вайны і папярэдзіўшы любыя магчымыя ў будучыні інтрыгі Расіі што да чыгуначнага транзіту.

Месца, вызваленае Польшчай і Беларуссю, мусяць заняць заходняя і цэнтральная часткі Украіны. Германія, якой будзе да ўкраінскай мяжы толькі 100 кіламетраў ад Берліна, зможа ўрэшце сур’ёзна паспрыяць інтэграцыі Украіны з Еўропай. Перамяшчэнне Украіны дазволіць Расіі пасунуцца на захад і поўдзень, каб вызваліць Сібір для кітайцаў, якія яе ўсё адно рана ці позна зоймуць.

Таксама варта крыху пераўпарадкаваць Балканы. Македоніі, Албаніі і Косаву трэба перагрупавацца, каб Македонія заняла месца Косава побач з Сербіяй, Косава пераехала на ўзбярэжжа на месца Албаніі, а Албанія перамясцілася ў сярэдзіну краіны. Паранаідальныя фантазіі грэкаў пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі з боку падманутых славянскіх ірэдэнтыстаў знікнуць. Боснія занадта кволая для перамяшчэння, таму хай застаецца на месцы.

Швейцарыю і Швецыю часта блытаюць. Таму мае сэнс Швейцарыю перамясціць на поўнач, дзе яна добра стане побач са скандынаўскімі краінамі.
Яе нейтралітэтам будуць цалкам задаволеныя фіны і шведы, а Нарвегія будзе радая мець у суседзях іншую краіну (а не Расію), што не ўваходзіць у ЕС.

Германія можа заставацца там, дзе ёсць, як і Францыя. Але Аўстрыю можна перасунуць на захад, на месца Швейцарыі, дазволіўшы Славеніі і Харватыі таксама рухацца на паўночны захад*. Яны могуць злучыцца з паўночнай Італіяй у новы рэгіянальны саюз (якім у ідэале мусілі б кіраваць венецыянскія дожы). Астатняя частка Італіі, на поўдзень ад Рыма, аддзеліцца і аб’яднаецца з Сіцыліяй у новую краіну, якая афіцыйна будзе называцца Каралеўства Абедзвюх Сіцылій (мянушка – Бардэла). Гэтая краіна зможа стварыць фінансавы саюз з Грэцыяй, але больш ні з кім.

* Прыемны пабочны эфект гэтых зменаў – вызваленне месца для краінаў, выдуманых раней, такіх як Рурытанія Энтані Хоўпа, Сільдавія і Бардурыя Эржэ і Вульгарыя, што служыла заднікам для фільма “Chitty Chitty Bang Bang”.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?