Украіна разлічвае атрымаць да 130 млн. даляраў ад транзіту венесуэльскай нафты ў Беларусь, заявіў 5 мая ў Кіеве журналістам міністр транспарту і сувязі Украіны Канстанцін Яфіменка.

«Калі задэклараваны аб’ём нафты будзе транспартаваны, то Украіна на гэтым заробіць 120‑130 мільёнаў даляраў», — цытуе міністра ўкраінскае інфармагенцтва УНІАН. Паводле слоў Яфіменкі, згодна з заключаным пагадненнем, устаноўлены тарыф 0,27 даляра за 10 тонакіламетраў.

Нагадаем, у адпаведнасці з дамоўленасцямі прэзідэнтаў Беларусі і Венесуэлы, пастаўкі нафты з Венесуэлы ў Беларусь могуць скласці 4 мільёны тон, у 2011 годзе — 10 мільёнаў тон. Першая пробная партыя, 80 тыс. тон, цяпер транспартуецца з порта Адэсы на Мазырскі НПЗ па чыгунцы. Надалей плануецца задзейнічаць трубаправод »Адэса — Броды». Тым не менш, у Беларусі пакуль няма яснасці ў пытанні рэнтабельнасці транспарціроўкі ў краіну нафты з Венесуэлы. Паводле слоў генеральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Уладзіміра Зубкова, пытанне эфектыўнасці гэтых паставак праясніцца да сярэдзіны мая.

Да 1 чэрвеня Міністэрства паліва і энергетыкі Украіны і канцэрн «Белнафтахім» павінны падрыхтаваць прапановы для ўрадаў дзвюх краін па транспарціроўцы нафты на Мазырскі НПЗ з выкарыстаннем магістральных нафтаправодаў Украіны і Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?