Чэхія зацікаўлена ўдзельнічаць у будаўніцтве АЭС у Беларусі. Пра гэта заявіў дарадца міністра прамысловасці і гандлю Чэхіі Ян Гронік 5 мая на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

«Мы прапануем беларускаму боку наш удзел у будаўніцтве такой АЭС, — сказаў Гронік. — Асноўнае абсталяванне для блокаў нашых АЭС выраблялі чэшскія фірмы па расійскіх тэхналогіях».

Пры гэтым Гронік нагадаў, што асноўным партнёрам Беларусі ў праекце па будаўніцтве АЭС з’яўляецца расійская кампанія «Атамбудэкспарт». Паводле яго слоў, Чэхія можа быць субпастаўшчыком пры будаўніцтве беларускай АЭС.

Гронік адзначыў, што ўдзел Чэхіі ў будаўніцтве АЭС у Беларусі —

«гэта не толькі пастаўка абсталявання, але ў нас таксама вялікі навукова‑тэхнічны патэнцыял».

У сваю чаргу, гандлёвы саветнік пасольства Чэхіі ў Беларусі Міхал Гелбіч адзначыў, што супрацоўніцтва дзвюх краін у энергетычнай сферы з’яўляецца «цікавай тэмай» для Чэхіі. «У нас ёсць вопыт, ноу‑хау прадпрыемства. Мы прыходзім сюды і прапануем сумесную працу», — сказаў Гелбіч.

Паводле яго слоў, перспектыўным з’яўляецца супрацоўніцтва па пастаўках з Чэхіі абсталявання для беларускіх ГЭС, парагазавых блокаў, падстанцый, а таксама абсталявання для спальвання альтэрнатыўных відаў паліва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?