Сёньня 13 верасьня судзьдзя Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску Натальля Чарапуха пастанавіла, што ня мае права пачынаць адміністрацыйнай справы ў дачыненьні да настаўніка гісторыі, дэпутата гарсавета Алеся Чыгіра. Без дазволу на тое пракурора вобласьці. Усе паперы па справе адасланыя ў Магілёў.

Суд мусіў адбыцца ўчора. Раніцай 12 верасьня да А. Чыгіра прыехала міліцыя і адвезла ва ЎУС Бабруйска, дзе на яго былі складзеныя два пратаколы: за непадпарадкаваньне органам міліцыі і парушэньне правілаў правядзеньня вулічных акцыяў. А 14-й гадзіне А. Чыгіра запрасілі ў суд, але судзьдзя Натальля Чарапуха перанесла пасяджэньне на сераду.

Сёньня ж настаўніку гісторыі, бацьку траіх дзяцей, падчас прэзыдэнцкіх выбараў кіраўніку гарадзкога штабу Мілінкевіча паведамілі, што справу будзе разглядаць абласная пракуратура.

Нагадаем, што 10 жніўня А. Чыгіру не падоўжылі працоўнага кантракту, нягледзячы на тое, што ён ніколі ня меў ніякіх спагнаньняў з боку школьнай адміністрацыі. 31 жніўня Алесь Чыгір прыкуў сябе кайданкамі да ліхтара на цэнтральнай плошчы перад гарвыканкамам. З гэтага часу А. Чыгіра пэрыядычна выклікаюць у міліцыю і возяць у суд.

Праз выходныя ў Бабруйску маюць адбыцца рэспубліканскія «Дажынкі», таму ня выключана, што на гэтыя дні грамадзкага актывіста ізалююць – каб выпадкам не пазбавіў ружовых акуляраў «працаўнікоў сяла».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?