Ёсьць у нашым тэатры адзін хлопец. Усе яго ведаюць. Гэта Паша Харланчук. Ён актор і рэжысэр увадначас. Ён паставіў, здаецца, тры ці чатыры спэктаклі і сыграў колькі роляў. І пры гэтым зарэкамэндаваў сябе даволі трывала, бо мае бессумніўны талент і гэты талент ён здолеў выгадна скарыстаць; дадамо, што Паўлу яшчэ колькі год да трыццаткі.

Узапраўды, ягоныя работы яскравыя і прыкметныя. Такое ў тэатры бывае ня часта, каб за тры-чатыры гады прафэсійны актор набыў аўтарытэт, які сапраўды дазваляе дадаць вартасьці бягучаму рэпэртуару. Іначай кажучы, на Пашу ходзяць, яго ведаюць, і тэатар можа ўважаць яго за каштоўны набытак.

Але тут надарылася адна прыгода. У сакавіку наш Паша трапіў на Кастрычніцкую плошчу, і ў адзін з тых самых дзён, калі ўвесь паспаліты люд, седзячы ля тэлевізараў, прагна асуджаў абуральныя паводзіны маладых алькаголікаў і наркаманаў, якія раптам сабраліся на цэнтральнай плошчы сталіцы, каб піць, калоцца і спаць упокат у намётах, накрыўшыся порначасопісамі. Паша, канечне ж, заслужана пацярпеў «за парушэньне грамадзкага парадку». І на гэтым, здэцца, усё. Але ж не.

Цяпер Пашу выстаўляюць з тэатру. Дакладней, пакуль толькі спрабуюць. Бо, насамрэч, так проста звольніць няма за што. За парушэньне грамадзкага парадку? Бывалі такія здарэньні, калі артысты праз п’янкі зрывалі спэктаклі. І нічога, працавалі потым. Тут іншая прыгода.

Ад Пашы пазбаўляюцца праз тое, што ён няправільна думае. Дакладней, праз тое, што ён хоцькі ці няхоцькі прадэманстраваў быў гэта. Прычым, адмовіўшыся ад зручнага для кіраўніцтва «з уласнага жаданьня», учора цалкам запатрабаваны актор пазбавіўся магчымасьці граць на сцэне. Хоць спэктаклі гэтыя сьвежыя, то бок вядучыя, маюць стабільны інтарэс ды посьпех. Можна ўявіць сабе, што, калі так пойдзе і надалей, шлях на любыя падмосткі беларускае сцэны Паўлу Харланчуку ўвогуле заказаны.

На шчасьце, гісторыя покуль ня скончаная. Актор яшчэ ў тэатры і нават што-кольвек рэпэтуе. І, дзякуй Богу, бальшыня калектыву яго, безумоўна, падтрымлівае, разумеючы, канечне, што невідочная плянка «вальнадумства», за якое сёньня могуць пакараць, можа спусьціцца ў любы час. І тады, каб атрымаць «воўчы білет», ня трэба будзе нават хадзіць, скажам, на плошчу.

Ня так ужо і многа шэдэўраў зьявілася за апошнія колькі год на тэатральных сцэнах, кінаэкранах ці на эстрадзе краіны, каб вось так проста пазбывацца тых нямногіх прафэсіяналаў, якія маюць багата сілаў і энэргіі, а найгалоўнае, запатрабаваныя без нацяжкі.

На жаль, аніякіх довадаў і аргумэнтаў чыноўнікі не ўспрымаюць. 6 верасьня на абмеркаваньні гэтай ня вельмі жаданай для афіцыйных асобаў тэмы на штогадовым зборы трупы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Горкага пасьля бойкіх спрэчак новы міністар культуры, якога бальшыня прысутных у залі бачыла ўпершыню, вымавіў: «Хто за прэзыдэнта – той у тэатры!» Хоць дагэтуль ніхто з прысутных слова «прэзыдэнт» не казаў. Шаноўны міністар, на жаль, не парупіўся ўдакладніць, якою мусіць быць належная ступень адданасьці. А калі, дапусьцім, ня «за» і ня «супраць», ці не зусім «за», ці, скажам, зусім ня «за», ці зусім ня «супраць»...

Тады як? Ці варта паглыбляцца ў такія дэталі актору, рэжысэру, касьцюмеру, краўцу, электрыку, бухгальтару, касірцы, гардэробшчыку, адміністратару, кіроўцу, вахтару, буфэтчыку, прыбіральшчыцы, мантыроўшчыку і г.д., каб, абраўшы патрэбнае, як колісь у газэтных тэкстах на ўзровень інтэлекту, вызначыць для сябе, замкнуўшыся на ўсякае ўсё, варты ён ці не. А калі не?

Чым, зрэшты, рызыкуе «няправільна думаючы» мастак, асабліва ў тэатры? Праўдзіва пасьпяховая кар’ера ў нас мае пад сабой прысваеньне званьняў, заробак трохі болей, мажліва, кватэру лепшую, калі ўжо ёсьць горшая. Вядомасьць, павага і слава могуць быць і бяз гэтага, але і наадварот таксама. Не, ня гэтым. Галоўнае, чым рызыкуе мастак, гэта перадусім мажлівасьць спакойна ствараць і бачыць свае творы. У гэтым і палягае свабода выбару. А забраць гэта ў яго можна заўжды лёгка і бязбожна.

Аляксей Шэдзько

Фота www.rustheatre.nm.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?