Учора Аляксандар Лукашэнка перад самым пачаткам візыту на Кубу скасаваў дзеяньне ўказу №140 ад 22 сакавіка 2004 г. аб рэспубліканскім зборы за ўвоз у краіну транспартных сродкаў з камэрцыйнай мэтай. БЕЛТА паведамляе, што скасаваньне збору накіраванае на спрашчэньне парадку падаткаабкладаньня юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Праўда, дадзеныя зьмены займеюць юрыдычную моц толькі з 1 студзеня.

Нагадаем, што на працягу ліпеня-жніўня ў Берасьці разам зь іншымі таксоўшчыкамі звыш месяца трымала галадоўку Любоў Разановіч. Яна і дамагалася акурат скасаваньня гэтага прэзыдэнцкага ўказу. Тады пакуты берасьцейскай жанчыны нібыта не далі плёну, але ўжо менш чым празь месяц указ быў скасаваны. На працягу той галадоўкі Любоў Разановіч значна падарвала сваё здароўе, ёй нават казалі, што дадуць групу інваліднасьці.

Cёньня Любоў Разановіч згадзілася адкамэнтаваць для «Нашай Нівы» адмену прэзыдэнцкага ўказу: «Каб вы толькі маглі ведаць колькі здароўя і нэрваў адабраў у мяне і маіх дзяцей адабраў гэты ўказ. Неімаверныя грашовыя падаткі, якімі душылі мяне гэтыя гады сталі сапраўдным кашмарам. Я аббіла парогі ўсіх інстанцыяў і ніводзін чыноўнік ня выступіў у маю абарону. Я галадала 35 дзён, зь іх 8 дзён без вады. Галадоўка сталася своеасаблівым крыкам душы. Мяне прымушалі выплаціць 40 тысячаў даляраў на карысьць дзяржавы, але адкуль я інвалід другой групы магла іх узяць. Мне казалі, каб я прадавала «бусікі», але ж за якія сродкі існаваць пасьля.

Я вельмі задаволеная, што здаровы сэнс урэшце перамог, але разам з тым я хачу, каб былі названыя прозьвішчы тых, хто распрацоўваў гэты бесчалавечны ўказ, каб яны былі пакараныя. Я хачу падзячыць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку, што ён урэшце пачуў мяне. Таксама дзячу журналістам, якія падтрымлівалі мяне да апошняга. Галоўнае цяпер, каб мясцовыя чыноўнікі ізноў не пачалі чыніць мне перашкоды для працы. Я задаволеная, што мае пакуты далі плён, усім дзякуй».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?