Затрыманыя ўдзельнікі несанкцыянаванага шэсця ў межах форуму «Славянскі гей-прайд 2010», якое адбылося на вуліцы Сурганава ў Мінску 15 мая, былі дастаўлены з Першамайскага РУУС у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна.

Паводле інфармацыі аднаго з арганізатараў акцыі Сяргея Андросенкі, словы якога прыводзіць gay.by, затрыманыя будуць знаходзіцца ў ізалятары да панядзелка, 17 мая. У гэты дзень пройдуць судовыя разгляды па адміністрацыйных пратаколах. Удзельнікам акцыі перададзены ежа, цёплае адзенне і іншыя рэчы.

Падчас акцыі было затрымана восем чалавек, у тым ліку два жыхары Санкт-Пецярбурга. Пра затрыманне расійскіх грамадзян праінфармаваны супрацоўнікі пасольства РФ у Мінску.

Сам Андросенка і яшчэ тры ўдзельнікі гей-прайду былі дастаўлены ў Савецкае РУУС. «Пасля завяршэння акцыі мы абедалі ў рэстаране «Лідо», да нас падсеў супрацоўнік праваахоўных органаў і прапанаваў выйсці праз службовы ўваход, заявіўшы, што нашаму жыццю пагражае небяспека», — сказаў Андросенка.

Паводле яго слоў, супрацоўнікаў міліцыі цікавіла інфармацыя, звязаная з гей-прайдам. Усіх чацвярых сфатаграфавалі і знялі на відэакамеру, узялі адбіткі пальцаў. Праз тры гадзіны іх адпусцілі без складання пратаколаў.

Андросенка заявіў, што ў цэнтры горада былі заўважаны скінхэды, некаторыя з іх затрыманы.

У ГУУС Мінгарвыканкама БелаПАН паведамілі, што некалькі чалавек былі дастаўлены ў міліцыю для высвятлення асобы. У міліцыі ўважліва паставіліся да інфармацыі, што агрэсіўна настроеныя грамадзяне могуць арганізаваць правакацыю, адзначылі ў ГУУС. Бакі ўдалося развесці па часе і месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?