Супрацоўнікі падраздзяленняў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама і Цэнтральнага РУУС канфіскавалі 14 мая на рынку «Ждановічы» буйную партыю відэадыскаў парнаграфічнага зместу.

Як паведамілі ў ГУУС, у поле зроку супрацоўнікаў міліцыі гандлёвая кропка па продажы DVD трапіла два тыдні таму: паступіла інфармацыя, што тут можна набыць парнаграфічнае відэа практычна на любы густ. Падчас правядзення праверачных мерапрыемстваў звесткі пацвердзіліся. Высветлілася, што 24‑гадовы прадавец сапраўды можа прапанаваць дастаткова аб’ёмную фільматэку ахвотным. Пастаўляе ж сюды парнаграфічныя фільмы гаспадар пункта — 22‑гадовы мінчанін. Прычым у міліцыянераў ёсць падставы меркаваць, што прадпрымальны малады чалавек не толькі рэалізуе парнаграфію праз свой гандлёвы аб’ект, але і забяспечвае фільмамі для дарослых калег па бізнесе.

Падчас затрымання прадаўца і гаспадара гандлёвага пункта пад прылаўкам была знойдзена асобная скрыня з 19 відэадыскамі з парнаграфіяй. У аўтамашыне гаспадара аператыўнікі знайшлі больш як 200 дыскаў, а ў кіёску, які выкарыстоўваўся як склад, — яшчэ каля 800.

Усяго канфіскавана 1.067 дыскаў.

Падчас вобыску па месцы жыхарства гаспадара гандлёвага пункта ў кватэры дома №13 па вуліцы Русіянава была знойдзена камп’ютэрная тэхніка, на якой, як мяркуюць міліцыянеры, і размнажалася парнаграфічная прадукцыя. Апрача непасрэдна камп’ютэра з вялікай калекцыяй парнафільмаў, у маладога чалавека канфіскаваны прынтэр, на якім раздрукоўваліся маляўнічыя вокладкі, спецыяльнае абсталяванне для абрэзкі ўкладышаў, партыя чыстых дыскаў.

У дачыненні да затрыманых следчым аддзелам папярэдняга расследавання Цэнтральнага РУУС распачата справа на падставе ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэкса (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?