Беларускія канкурсанты будуць выступаць на песенным конкурсе «Еўрабачанне‑2010» у Осла пад назвай »3+2» і Роберт Уэлс» («3+2» feat. Robert Wells). Аб гэтым паведамляе афіцыйны сайт конкурсу «Еўрабачанне».

Напярэдадні на сцэне »Еўрабачання» ў Осла прайшла першая рэпетыцыя ўдзельнікаў першага паўфінала. Беларусы ўпершыню прадставілі конкурсны нумар. Нагадаем, гурт »3+2» выступіць з кампазіцыяй Butterflies («Матылькі»), музыку да якой напісаў расійскі прадзюсер Максім Фадзееў, словы — польская паэтэса Малька Чаплін. Акампаніраваць беларускім канкурсантам будзе сусветна вядомы шведскі піяніст і кампазітар Роберт Уэлс.

Паводле інфармацыі афіцыйнага сайта конкурсу, падчас першай рэпетыцыі піяніст іграў на белым раялі. Дзяўчаты — удзельніцы гурту былі ў бліскучых доўгіх сукенках залатога, сярэбранага і меднага колераў, мужчыны — у чорных касцюмах. Сцэна падчас выступлення была зацемнена, выканаўцы асвятляліся толькі пражэктарамі. У фінале песні за спінамі ў дзяўчат з’явіліся крылы матылькоў, а на сцэну пачалі падаць канфеці ў форме матылькоў. Дымавыя эфекты, якія дапоўняць выступленне беларускіх канкурсантаў, будуць апрабаваныя на наступных рэпетыцыях.

Пасля рэпетыцыі ўдзельнікі гурту «3+2» далі прэс‑канферэнцыю. Яны сказалі, што гурт быў створаны пасля іх удзелу ў праекце »Новыя галасы Беларусі», але яшчэ да яго з’яўлення музыканты былі знаёмыя і нават сябравалі. Конкурсную кампазіцыю яны назвалі аптымістычнай песняй, якая, як яны лічаць, была напісана спецыяльна для людзей, што імкнуцца да лепшага жыцця, таксама як матылькі імкнуцца да сонца.

Нагадаем, у складзе гурту «3+2» — Арцём Міхаленка, сёстры‑блізняты Алена і Нінэль Карповіч, Юлія Шышко і Егіазар Фарашан. «Еўрабачанне‑2010» у Осла пройдзе 25—29 мая. Беларускія канкурсанты выступяць у першым паўфінале 25 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?