У польскім прыморскім горадзе Гданьску быў знойдзены труп беларускага студэнта. Прычыны смерці «каліноўца» Кастуся Жылінскага пакуль не высветлены. Першапачатковая версія — самагубства. Але, паводле слоў маці загінуўшага студэнта, ёсць толькі 40% верагоднасці, што ён мог сам звесці рахункі з жыццём…

Гданьская гісторыя

Як і большасць беларускіх студэнтаў у Польшчы, Кастусь жыў не на здымнай кватэры, а ў «акадэміку» — інтэрнаце пры навучальнай установе. Гданьскі універсітэт, дзе вучыўся хлопец, быў заснаваны ў 1970 годзе. Адукацыю там атрымліваюць каля 30 тысяч студэнтаў.

Кастусь Жылінскі не вылучаўся з шэрагу іншых беларускіх «каліноўцаў». Ён быў камунікабельным юнаком, меў нармальныя зносіны з навакольнымі.

Хлопца знайшлі мёртвым у ягоным пакоі пасля сняданку. Тыя, хто ведаў Кастуся, мяркуюць, што самагубства — не самая рэальная версія яго смерці.

(...)

Назваць прычыну смерці маладога чалавека не могуць нават яго родныя.

«Следства сцвярджае, што ёсць толькі 40% верагоднасці, што ён гэта мог зрабіць сам, — упарта пазбягае слова «самагубства» маці хлопца Святлана. — Ёсць шмат акалічнасцяў, якія я не магу вам распавесці з‑за тайны следства».

Сваякі маладога чалавека сцвярджаюць, што шматлікія сайты распаўсюдзілі неправераную інфармацыю аб Кастусю Жылінскім.

«Па‑першае, Кастусь ніколі не быў у Аб’яднанай грамадзянскай партыі, хаця такую інфармацыю давалі некаторыя сайты,

— тлумачыць маці «каліноўца» «Народнай Волі». — Па‑другое, ва ўсіх, хто абмяркоўваў учора ў пракуратуры Гданьска публікацыі аб смерці Кастуся, склалася ўражанне, што праз іх хочуць аказаць псіхалагічны ўціск. Разумееце, калі ёсць адна хлусня, то хто гарантуе, што няма іншай? Тым больш афіцыйнай інфармацыі ніхто не выдаваў».

Кастусь Жылінскі і яго сям’я

Студэнт, які загінуў у Польшчы, родам з Рагачова — невялікага гарадка на Гомельшчыне. Хлопец выхоўваўся ў поўнай сям’і разам са старэйшай сястрою. Яго бацькі — прыхільнікі ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння.

Вось словы Віктара Жылінскага — бацькі маладога чалавека: «З’яўляюся прыхільнікам дэмакратычных пераменаў. Я ніколі не хаваў сваіх поглядаў».

Варта адзначыць, што сям’я Жылінскіх у поўным складзе — бацька Віктар, яго жонка Святлана і дзеці Кастусь і Кацярына — былі на Кастрычніцкай плошчы ў намётавым гарадку падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе.

Лёгка зрабіць высновы, што свае палітычныя погляды Кастусь выхаваў менавіта ў сям’і. Шмат у чым яны сфарміравалі яго далейшы лёс. Наўрад ці хлопцу, бацька, маці і сястра якога неаднаразова траплялі пад уладны ўціск з‑за сваіх меркаванняў, было ўтульна ў беларускай палітычнай атмасферы.

Нягледзячы на пераслед, сям’я Жылінскіх прытрымлівалася сваіх меркаванняў і даволі ўзнёсла ставілася да ідэі намётавага лагера ў цэнтры Мінска. Кастусь падзяляў погляды сваякоў. Плошча для яго была вельмі важным сімвалам.

«У 2006 годзе я паехаў на Плошчу, дзе сустрэў шмат людзей — прыхільнікаў нашай роднай мовы, якія на ёй вольна размаўлялі аб вышэйшай матэматыцы, найскладанейшай фізіцы, — пісаў Кастусь Жылінскі ў артыкуле для грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі». — Пра такія рэчы і па‑расійску нячаста пачуеш. На Плошчы была такая атмасфера, што вельмі не хацелася пакідаць гэтае месца».

Праграма Каліноўскага

Менавіта ўдзел у веснавых падзеях на Кастрычніцкай плошчы і стаў нагодай для ад’езду Кастуся Жылінскага ў Польшчу. Сакавіцкія падзеі паўплывалі не толькі на яго сям’ю. Ніхто не ведаў, што пры атрыманні права на еўрапейскую адукацыю ў жыцці хлопца пачаўся зваротны адлік.

Польскі ўрад адкрыў спецыяльную адукацыйную праграму імя Кастуся Каліноўскага. Яна была распачата 30 сакавіка 2006 года як рэакцыя на рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Праграма задумвалася спецыяльна для таго, каб даць беларускім студэнтам, якія не могуць навучацца на радзіме з‑за сваіх палітычных поглядаў, шанец атрымаць еўрапейскую адукацыю.

Згодна з правіламі праграмы, студэнты маюць права выбіраць месца навучання, усім выплачваецца штомесячная стыпендыя ў памеры 1240 злотых. Па афіцыйных даных, у 2006 годзе на вучобу па праграме Каліноўскага выехала 244 студэнты, у 2007‑м — 71, а ў 2008‑м — 58.

Кастусь Жылінскі быў рухавым і цікаўным хлопцам. Яшчэ ў Беларусі ён удзельнічаў у грамадскай кампаніі «МТС па‑беларуску», гуляў у «Што? Дзе? Калі?».

Але пакінуць радзіму юнаку ўсё‑такі прыйшлося. У 2006 годзе ён паехаў вучыцца ў Польшчу па праграме Кастуся Каліноўскага. Перамена месца жыхарства не адбілася на грамадскай актыўнасці маладога чалавека.

«Калі паехаў навучацца ў Польшчу, то мы там з сябрамі стварылі сваю беларускамоўную суполку, каб увесці мову ў штодзённы ўжытак на ўзроўні хуткіх адказаў, не задумваючыся, без расійскіх слоў і трасянкі», — пісаў Кастусь у артыкуле для «Будзьма».

Канстанцін Жылінскі быў адным з тых, хто пачаў сваё навучанне ў першы год існавання праграмы. Адна з яе галоўных рыс — аднолькавыя правы беларускіх і польскіх студэнтаў. Розніцы не адчуваюць нават самі навучэнцы.

«Большасць «каліноўцаў», як і палякі, жывуць у інтэрнаце, — распавёў студэнт праграмы імя Кастуся Каліноўскага Кірыл з Беластоку. — Мы ішлі вучыцца на агульных падставах. Ніякіх патуранняў для нас няма, хіба што курсы польскага перад пачаткам навучання. Ніякіх праблем са зносінамі няма. Я, напрыклад, жыву ў Беластоку, тут шмат беларусаў. У любым выпадку палякі даволі добразычліва ставяца да беларусаў, негатыву няма».

На жаль, кіраўніцтва Гданьскага універсітэта не адказала на ліст рэдакцыі «Народнай Волі» з просьбай распавесці аб тым, што ж на самай справе адбылося раніцай 17 мая.

Адмовілася распавядаць аб Кастусю Жылінскім і кіраўнік камітэта абароны правоў рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей. Зараз яна знаходзіцца ў Германіі і ад любых каментарыяў адмовілася: «Не буду нічога казаць…»

Без каментарыяў

Раніцою ў чацвер цела Кастуся Жылінскага было дастаўлена на радзіму ў Рагачоў.

«Дату пахавання мы яшчэ не аб’яўлялі, — распавядала маці Кастуся Жылінскага Святлана. — Хутчэй за ўсё яно адбудзецца ў пятніцу каля трэцяй гадзіны».

Словы сябра

Улад Петрушэнка: «Спачатку я падумаў, што гэта нейкі дурны жарт…»

«З Кастусём я пазнаёміўся падчас прэзідэнцкай перадвыбарнай кампаніі 2006 года, — узгадаў свайго паплечніка іншы «каліновец» — Улад Петрушэнка. — Пасля выбараў мы з ім займаліся распаўсюдам улётак у горадзе Рагачове, а потым былі прыняты на стыпендыяльную праграму імя Каліноўскага. З горада Рагачова вучыцца па праграме Каліноўскага адправіліся толькі чатыры чалавекі. За 3 месяцы на падрыхтоўчых курсах у Варшаве «каліноўцы» сталі мне больш блізкія, чым некаторыя за ўсё жыццё. Мы цікавімся поспехамі і няшчасцямі кожнага і ў першым выпадку радуемся з сябрамі, а ў другім — смуткуем.

Адаптацыя ў чужой краіне заўсёды цяжкая, і трэба не страціць сябе, таму мы ўсе трымаемся адзін аднаго. Гэта трагедыя для ўсіх «каліноўцаў», сяброў і знаёмых Кастуся. Калі я пачуў пра яе, то спачатку падумаў, што гэта нейкі дурны жарт. Я не верыў. Кастусь заўсёды быў разумным, сур’ёзным і разважлівым чалавекам. У кожнага ў жыцці былі сітуацыі, калі мы моцна маем патрэбу ў падтрымцы, у разуменні, у каханні. І добра, калі мы іх атрымаем. А калі няма? Можа, нам усім варта стаць больш уважлівымі да сваіх блізкіх і адчуць адказнасць не толькі за сябе, але і за тых, хто вас атачае. І тады, хто ведае, можа, падобных трагедый не будзе адбывацца.

Я ад імя ўсіх стыпендыятаў праграмы Каліноўскага спачуваю родным і блізкім Кастуся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?