Галандыя усё бліжэй да рашэння пра легалізацыю ўсіх наркотыкаў. За гэта выказваецца ўсё больш палітыкаў Партыі працы, якая можа выйграць у чэрвені парламенцкія выбары.

Лібералы і хадэкі Яна Петэра Балкенэндэ выступаюць за легалазацыю толькі мяккіх наркотыкаў, канстатуе Onet.pl.

«Мэтай антынаркатычнай палітыкі з’яўляецца ахова здароўя грамадзянаў і запабяганне злачыннасці. Калі даследаванні пакажуць, што гэтых мэтаў можна дасягнуць празь легалізацыю наркотыкаў, іх трэба легалізаваць» — сказала Леа Баўвмеестэр, дэпутатка Партыі працы.

Былы еўракамісар і міністр замежных справаў Фрыц Болкенштайн заявіў, што ўведзеная 40 гадоў таму забарона на наркотыкі падтрымлівае злачыннасць і шкодзіць публічнаму здароўю.

Легалізацыя ж дазволіла б ліквідаваць банды і наркадылераў, разгрузіць суды, а грамадству яна дасць большае пачуццё бяспекі.

«Наркотыкі не знікнуць ад таго, што яны нелегальныя», — падтрымала яго былая міністарка здароўя, дэмакратка Элс Борст.

У Галандыі ўсе наркотыкі цяпер нелегальныя, але ўлада глядзіць скрозь пальцы на закупку і ўжыванне мяккіх наркотыкаў у невялікіх колькасцях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?