Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана не зможа запрацаваць на поўную моц з 1 ліпеня 2010 года, як гэта меркавалася раней, заявіў прэм'ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін у інтэрв'ю міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мир».

21 мая ў Санкт-Пецярбургу прэм'ер-міністры Расіі, Беларусі і Казахстана праводзілі шматгадзінныя перамовы, на якіх так і не змаглі ўзгадніць пазіцыі і ўрэгуляваць спрэчкі па набыцці моцы з 1 ліпеня Мытнага кодэкса.

Несупадзенні меркаванняў бакоў датычацца аўтамабільнай і авіяцыйнай прамысловасці, мытных пошлін, увозу тавараў фізічнымі асобамі для ўласных патрэб. Апошняя пазіцыя адчувальная для Казахстана, аўта- і авіяпрам — для Расіі, у той час як для Беларусі адчувальным пытаннем з'яўляюцца ўвазныя мытныя пошліны, у прыватнасці на нафту і нафтапрадукты.

Як заявіў па завяршэнні сустрэчы Пуцін, бакі дамовіліся працягнуць працэс ратыфікацыі Мытнага кодэкса на працягу двух тыдняў на экспертным узроўні.

Адказваючы на пытанне журналіста тэлерадыёкампаніі «Мир», ці зможа Мытны саюз з 1 ліпеня запрацаваць на поўную моц, прэм'ер-міністр Расіі сказаў: «На поўную моц не зможа».

«Я зрабіў прапанову, каб мы паскорылі рашэнне пытанняў, звязаных са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы. Для таго каб яна запрацавала, патрэбна падрыхтаваць два пакеты дакументаў. Адзін павінен быць падрыхтаваны да ліпеня наступнага года. Другі пакет — да канца 2011 года. Я прапанаваў, каб мы да канца 2010 года падрыхтавалі ўвесь пакет», — прыводзіць словы расійскага прэм'ера РІА Новости.

«І больш за тое — калі гэта ўявіцца магчымым — падпісалі яго і ратыфікавалі. З адкладзеным тэрмінам увядзення. Як і дамаўляліся, з 1 ліпеня 2012 года. А можа, крыху раней, калі мы яго падпішам і ратыфікуем. Мы гатовы зрабіць гэта і раней. І я зыходжу з таго, што ў гэтым выпадку можна было б пайсці на дадатковыя крокі насустрач адзін аднаму і вырашыць пытанні і адносна пошлін, і адносна некаторых тарыфаў і гэтак далей», — сказаў Пуцін.

З 1 студзеня 2010 года фармальна пачаў дзейнічаць Мытны саюз Расіі, Беларусі і Казахстана. Аднак гаварыць пра паўнавартасны саюз і адзіную мытную тэрыторыю трох краін можна будзе толькі пасля набыцця моцы агульнага мытнага кодэкса. Кодэкс павінен запрацаваць з 1 ліпеня 2010 года. Стварэнне Мытнага саюза разглядаецца як этап на шляху стварэння Адзінай эканамічнай прсторы (АЭП), якая павінна набыць сілу з 1 студзеня 2012 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?