Візіт Макея адкладзены, а вось прыезд лідэра апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча адбыўся згодна з графікам.

У Дзярждэпартаменце меркавалі «выслухаць» Макея, а не «весці перамовы» з ім.

Выглядае, што звесткі аб візіце Макея ў Вашынгтон, што з’явіліся на мінулым тыдні на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аказаліся заўчаснымі. Паводле інфармацыі «НН» з амерыканскіх крыніц, візіт планаваўся, але ўжо двойчы адмяняўся.

У аўторак Міністэрства фінансаў ЗША чарговы раз працягнула рашэнне аб змякчэнні санкцый у дачыненні да двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім» — ААТ «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно».
Як паведамляе афіцыйны сайт Мінфіна, дзеянне санкцый прыпынена да 30 лістапада 2010 года. Ва ўказаны перыяд амерыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі беларускімі прадпрыемствамі.

У той жа час уласнасць гэтых прадпрыемстваў на тэрыторыі ЗША застаецца заблакаванай.

Усе астатнія санкцыі ЗША, уведзеныя ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» і прадпрыемстваў, якія ў яго ўваходзяць, застаюцца ў сіле.

Адмену візіту суразмоўца «НН» у Вашынгтоне звязвае з тым, што Злучаныя Штаты дагэтуль адмаўляюцца зняць эканамічныя санкцыі супраць «Белнафтахіма». У Дзярждэпартаменце меркавалі «выслухаць» Макея, а не «весці перамовы» з ім. Гэта не магло задаволіць беларускі бок.

Візіт Макея адкладзены, а вось прыезд лідэра апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча адбыўся згодна з графікам. Ён мае сустрэчы ва ўсіх установах, што займаюцца беларускім пытаннем, а таксама шэраг знакавых сустрэч з вядомымі асобамі. Напрыклад, ён гутарыў з экс‑кандыдатам у прэзідэнты ЗША Джонам Макейнам, які належыць да кола сенатараў, што вызначаюць замежную палітыку Штатаў.

У заяве пасольства ЗША з нагоды працягнення рэжыму санкцый гаворыцца, што «нядаўнія падзеі ў ліку якіх рэйды супраць няўрадавых арганізацый («Гавары праўду») на тым тыдні, сведчаць пра тое, што дзеянні беларускіх улад у дачыненні да асноўных свабод працягваюць насіць негатыўны характар». А паляпшэнне беларуска‑амерыканскіх стасункаў магчымае толькі пры ўмове «рэальнага прагрэсу ў сферы дэмакратыі і захавання асноўных правоў чалавека».

Амерыканцы ўвялі такія санкцыі ў сакавіку 2008 года, калі беларуская ўлада адмаўлялася вызваліць з турмы экс‑кандыдата на пасаду прэзідэнта Аляксандра Казуліна. Тады ж і пачаўся дыпламатычны скандал. У выніку якога паслы былі адкліканыя, як з Мінска, так і з Вашынгтона.

Па сёння пасольствы працуюць у мінімальным складзе. Змякчылі санкцыі, дарэчы, акурат пасля вызвалення Казуліна і іншых палітвязняў.

«Мы ўважаем, што галоўная задача двухбаковых адносінаў — гэта дэмантаж старых завалаў і выхад на новы ўзровень кантактаў.

А ключавым момантам тут з’яўляецца поўная адмена санкцый», — выказаў афіцыйнае меркаванне прэс‑сакратар МЗС Андрэй Савіных. Тым не менш, крок амерыканцаў быў названы станоўчым.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?