Бізнэсу — спрыянне, войску — сучаснае ўзбраенне і кантракт, пенсіянерам — годную пенсію. Сваю праграму кандыдат называе антыкрызіснай.

27 траўня кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч у Ратушы прэзентаваў у мінскай Ратушы тэзісы сваёй праграмы. Цалкам праграма, якая будзе складацца больш чым са ста старонак, з’явіцца ў верасні.

Праграма кандыдата Міхалевіча мае назву «Беларусь: cтратэгія эвалюцыі». Праект складаецца з трох вялікіх частак і мае падкрэслены эканамічны характар, пра што сведчыць назва першага раздзелу — «Эканамічны рост». Рэшта праграмы прысвечаная эфектыўнай дзяржаве ды актыўнаму грамадству.

Кандыдат Міхалевіч не бачыць будучыні Беларусі без моцнай і канкурэнтнай гаспадаркі. Ён кажа, што наша эканоміка не дае рады з цывілізацыйнымі зменамі, а давяршаюць справу цэнтралізацыя ўлады, бюракратыя і недасканалая падатковая сістэма.

Палітык абяцае, што пры ім Беларусь будзе эканамічна прывабная, канкурэнтаздольная, прадказальная, дзелавая і разважлівая, прадпрымальная.
Дзеля гэтага плануецца скараціць колькасць падаткаў і фіскальных органаў, падвысіць узровень эканамічных свабодаў, адмяніць цэнавае рэгуляванне на камерцыйныя тавары паслугі. Айчынная вытворчасць будзе пераведзеная на міжнародныя стандарты якасці, тут будуць укаранёныя сучасныя тэхналогіі, арганізацыі вытворчасці, кіравання і збыту. Нацбанку абяцаецца ўзмацненне незалежнасці. Кандыдат заяўляе таксама пра развіццё крэдытнага рынку, стварэнне Агенцтва фінансавага развіцця.

Палітык закранае ў сваёй праграме важныя пытанні ўласнасці на зямлю і энергетычнай незалежнасці. Ён абяцае зямельную рэформу, падтрымку фермерству, а таксама робіць стаўку на масавую вытворчасць экалагічна чыстай сельгаспрадукцыі.

Дзеля забеспячэння энергетычнай бяспекі кандыдат збіраецца дыверсіфікаваць пастаўшчыкоў энергарэсурсаў ды стварыць нафтагазавы кансорцыум з удзелам Беларусі, Украіны, Расіі ды Еўрасаюзу.

Эфектыўная дзяржава паводле Алеся Міхалевіча — гэта ўзмацненне грамадскага кантролю за дзейнасцю дзяржаўных інстытутаў, падзел уладаў, незалежнасць судовай сістэмы, кантроль за дзейнасцю сілавых структур, свабода слова і адсутнасць цэнзуры, моцнае войска і годнае пенсійнае забеспячэнне.

Міхалевіч выступае за расфармаванне КДБ і стварэнне на яго месцы новай службы бяспекі. За скасаванне ідэалагічных упраўленняў. За мадэрнізаванае войска, аснашчанае сучасным узбраеннем і пераведзенае на прафесійную аснову. Міхалевіч абяцае вайскоўцам павышэнне сацыяльнага статусу і паляпшэнне жыллёвых умоваў.

Міхалевіч застаецца прыхільнікам збалансаванай знешняй палітыкі. Разам з тым, галоўнымі задачамі тут ён бачыць актывізацыю палітычных адносін, якія маюць на мэце доступ да заходніх рынкаў, тэхналогій і інвестыцый. Ён выступае за найхутчэйшае ўступленне да Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Што да далучэння да Еўрасаюза, то палітык рэалістычна ацэньвае нашы шанцы як аддаленыя. Пытанне аб уступленні Беларусі ў ЕС мусіць разглядацца з улікам канкрэтнай эканамічнай і геапалітычнай сітуацыі.

Важнае месца ў праграме займае экалагічны аспект. Кандыдат Міхалевіч рэзка супраць пабудовы ў Беларусі АЭС. Ён лічыць, што Беларусі па сілах стаць адным з еўрапейскіх цэнтраў зялёнага руху. Міхалевіч заяўляе пра неабходнасць на ўзроўні дзяржавы стварыць перадумовы да недапушчэння негуманнага абыходжання з жывёламі.

Актыўнае грамадства немагчымае без самакіравання. Міхалевіч абяцае дэцэнтралізацыю палітычнай, эканамічнай і фінансавай улады на карысць рэгіянальнай.

Ён абяцае падзяліць шэсць сучасных абласцей на 17 адміністрацыйных адзінак — паветаў — з цэнтрамі ў Брэсце, Пінску, Мазыры, Гомелі, Гродне, Баранавічах, Слуцку, Бабруйску, Лідзе, Маладзечне, Барысаве, Магілёве, Крычаве, Глыбокім, Полацку, Віцебску і ў Оршы.

У сферы адукацыі Міхалевіч абяцае скасаваць прымусовае размеркаванне, у медыцыне — прыняцце закона аб абароне правоў пацыента. Рэлігійным арганізацыям ён абяцае бясплатную зямлю пад цэрквы і шырокія магчымасці для місіянерскай дзейнасці.

Культурная Беларусь — гэта пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы, аднаўленне і рэстаўрацыя гісторыка-культурных каштоўнасцей, конкурсная падтрымка творчых людзей.

Надзвычай важнай умовай для захавання беларускай ідэнтычнасці з’яўляецца супрацоўніцтва з дыяспарай. Міхалевіч выступае за ўвядзенне Карты беларуса і абяцае шырокую аўтаномію, правы на захаванне і развіццё нацыянальных, духоўных каштоўнасцей прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?