Нацыянальная зборная Беларусі па футболе згуляла ўнічыю ў таварыскім матчы са зборнай Гандураса – 2:2. Матч прайшоў 27 мая ў аўстрыйскім горадзе Філах.

Зборная Гандураса праводзіць збор у рамках падрыхтоўкі да чэмпіянату свету па футболе, што пачнецца 11 чэрвеня – ужо праз два тыдні! – ў Паўднёвай Афрыцы. Цэнтральнаамерыканская дружына (галоўны трэнер – Рэйнальда Руэда) на мундыялі згуляе ў групе «H» з Іспаніяй, Чылі, Швейцарыяй.

Лацінаамерыканцы першымі адкрылі лік: на 26-й хвіліне вызначыўся паўабаронца італьянска-п’емонцкага «Тарына» Хуліо Сэзар дэ Леон.

У другім тайме мінскі дынамавец Антон Пуціла не толькі зраўняў лік, але і вывеў падапечных Бернда Штанге наперад (56-я і 60-я хвіліны). Але на 71-й хвіліне форвард клуба нацыянальнай футбольнай лігі Гандураса «Матагуа» Джоржы Уэлкам паставіў кропку ў гульні.

У нядзелю зборная Беларусі згуляе тамсама – у Аўстрыі – таварыскі матч з яшчэ ўдзельнікам чэмпіянату свету – зборнай Паўднёвай Карэі. Натуральна, калі не пачнецца вайна на Далёкім Усходзе. Дачыненні паміж Паўночнай – КНДР таксама ўдзельнік чэмпіянату свету – і Паўднёвай Карэяй апошнмім часам рэзка абвастрыліся.

2 чэрвеня (серада) у Мінску на стадыёне «Дынама» пройдзе таварыскі матч паміж зборнымі Беларусі і Швецыі (пачатак у 20:30).

Шведы – яны прыедуць без сваёй галоўнай зоркі Златана Ібрагімавіча – не трапілі на мундыяль, заняўшы трэцяе месца, следам за Даніяй і Партугаліяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?