Вось кажуць: сумныя выбары, усё ўжо вядома. Але гэта — калі бачыць толькі надводную частку айсбэрга. Між тым вынік электаральнай кампаніі шмат у чым вызначаюць падводныя плыні.

Паводле парыскай «Монд», ня хто-небудзь, а францускі міністар замежных спраў Ф. Дуст-Блазі, які быў у Маскве зь візытам 18—19 студзеня, падштурхнуў Крэмль паўплываць на Лукашэнку, каб той запрасіў на выбары назіральнікаў АБСЭ.

Думаеце, Захад пераацэньвае сваю дыпляматыю?

Але й сапраўды — сачыце за датамі! — 18 студзеня беларускае замежнапалітычнае ведамства абвесьціла празь БелТА пра запросіны назіральнікаў толькі ад СНД, ЭўрАзЭСу ды АДКБ (жалезныя таварышы!). І раптам празь дзень, 19-га, на брыфінгу ў МЗСе становіцца вядома, што ў сьпісе запрошаных фігуруе ўжо і цяжкавымаўляльнае БДІПЧ АБСЭ. Мо напярэдадні «машыністка памылілася» (так выкручваліся за часамі Палітбюро)?

Ідзём далей. Згадайце: з кім трохі раней сустракаўся Дуст-Блязі ў Парыжы? Правільна, зь Мілінкевічам! Гэта нагадвае ўжо лягічны ланцужок.

А вось і наступнае зьвяно. Днямі «Московские новости» далі зразумець, што між Захадам і расейскім кіраўніцтвам, бадай, вымалёўваецца кансэнсус датычна фігуры Мілінкевіча. Ён, маўляў, падаецца кампраміснай кандыдатурай — дэмакрат, але без пазьнякоўскага радыкалізму ў нацыянальным пытаньні. Маскоўскае выданьне падкрэсьлівае: так, выйграць у Лукашэнкі на гэтых выбарах нерэальна, але рэальна вярнуць апазыцыю ў прававое палітычнае поле.

Крэмль, бадай, насамрэч не хацеў бы класьці ўсе яйкі ў адзін кошык. Іншае пытаньне, ці здолее апазыцыя падрыхтаваць другі кошык. Вынікам мінулай прэзыдэнцкай кампаніі былі толькі разьбітыя ночвы. Адзіны кандыдат 2001 г. праглынуў паразу, распусьціў зародкавы «Майдан» на Кастрычніцкім пляцы — і лёг на дно.

Цяпер рубам паўстае пытаньне, ці будзе Мілінкевіч сапраўды адзіным. Іначай кажучы, ці пойдзе на саступку яму Казулін (які відавочна адстае паводле рэйтынгу ды каманднага патэнцыялу, але разам з тым адцягвае долю небагатага апазыцыйнага рэсурсу). Дарэчы, далучэньне да лягеру аб’яднаных дэмакратаў стала б для Казуліна найлепшым абвяржэньнем вэрсіі, што ён ёсьць крэатурай кіроўнай каманды.

Калі ж адзіны набярэ дэ-факта адсоткаў 30, то яго ўжо так проста ня згорнеш з палітычнае дошкі. Фактычна, ён набывае тады імунітэт, шмат мацнейшы ад дэпутацкага. І здольны стаць ядром далейшай крышталізацыі апазыцыйных сілаў.

У такім разе, паводле выразу аднаго з аналітыкаў, 19 сакавіка ўсё толькі пачнецца. У краіне можа скласьціся іншая палітычная канфігурацыя. Апанэнты ўлады ўжо ня будуць выглядаць такімі маргіналамі. Зьявіцца шанец пакрысе выпрастаць праклятую сьпіраль маўчаньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0