Паводле апошніх зьвестак, 97,1% жыхароў Прыднястроўя прагаласавалі за незалежнасьць ад Малдавіі. Эўразьвяз, АБСЭ і Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы не прызнаюць вынікаў рэфэрэндуму. Назіральнікі паказваюць, што адмысловая пазыцыя Расеі можа прывесьці да тэрытарыяльных прэтэнзіяў да яе ж самой.
У рэфэрэндуме аб незалежнасьці ўзялі ўдзел больш як 70% выбарцаў рэгіёну. Цэнтральная выбарчая камісія самаабвешчанай рэспублікі прызнала рэфэрэндум адбытым. Лідэр Прыднястроўя Ігар Сьмірноў заявіў у дзень галасаваньня, што паводле вынікаў плебісцыту Прыднястроўе зможа ўвайсьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Паводле словаў Сьмірнова, гаворка ідзе пра асацыяванае чалецтва.
Рэфэрэндум праходзіў на манер савецкіх часоў. Праз увесь дзень у цэнтры Тыраспалю з гукальнікаў, а таксама на прыднястроўскім радыё працягвалася агітацыя за аддзяленьне Прыднястроўя ад Малдавіі і далучэньня да Расеі. На выбарчых участках буфэты працавалі задарма.
Канчатковыя вынікі рэфэрэндуму ЦВК Прыднястроўя абвесьцяць у найбліжэйшыя гадзіны. Напярэдадні рэфэрэндуму лідэры Прыднястроўя і шэраг афіцыйных прадстаўнікоў Расеі заяўлялі, што мажлівае адлучэньне Косава ад Сэрбіі можа стацца прэцэдэнтам і для вырашэньня прыднястроўскае праблемы. Тым часам у Кішынёве, Бухарэсьце і Брусэлі заяўляюць, што такі сцэнар немажлівы. Афіцыйныя асобы Малдовы, Эўрапейскага Зьвязу і Румыніі раней неаднакроць казалі пра тое, што ня будуць прызнаваць вынікаў прыднястроўскага рэфэрэндуму. Мажліва, сёньня кіраўніцтва Малдавіі прэзэнтуе адмысловую заяву ўжо пра вынікі галасаваньня.
Масква трымаецца адмысловае пазыцыі да прыднястроўскае праблемы. Многа хто з расейскіх палітыкаў, улучна з дэпутатамі абедзьвюх палат парлямэнту, падтрымліваюць імкненьне жыхароў паўднёвае рэспублікі далучыцца да Расеі. Як заявіў старшыня камітэту ў справах СНД Рады Фэдэрацыі Вадзім Густаў, вынікі рэфэрэндуму кажуць пра тое, «што людзі на тэрыторыі непрызнанага Прыднястроўя хочуць жыць па-свойму».
Маскоўскі палітоляг Марк Урнаў адзначае пра прадказальнасьць як вынікаў самога рэфэрэндуму, так і рэакцыі на яго ўсіх зацікаўленых бакоў: «Насельнікі Прыднястроўя сапраўды арыентуюцца ня проста на сыход з Малдавіі, але і на далучэньне да Расеі, гэта дык праўда». Разам з тым экспэрт паказвае, што ў цяперашняй сытуацыі магутным фактарам дэстабілізацыі ёсьць мажлівая перамога ў Маскве прыхільнікаў прыёму Тыраспалю ў склад РФ: «крый Божа, калі перамогуць настроі (каторыя пануюць сярод часткі расейскай палітычнай эліты, і ня вельмі распаўсюджаныя сярод грамадзкай думкі), што трэба адказаць на зычэньне прыднястроўцаў прыняць іх. От гэта будзе цалкам згубна. Па строгасьці кажучы, тое, што там здарылася, – гэта парушэньне міжнароднага права. Паводле шырака прынятых у сусьветнай супольнасьці канонаў, гэты рэфэрэндум нелегітымны, гэта ўмацаваньне сэпаратызму і нічога болей».
Як мяркуе экспэрт РС, легітымізацыя вынікаў рэфэрэндуму стане ўдарам па іміджы Расеі, якая губляе статус вялікае дзяржавы ў вачох сусьветнае супольнасьці. Такі крок таксама «дасьць імгненны штуршок да унутранога сэпаратызму, а ў нас яго багата. Мяркую, што на Каўказе на гэты прэцэдэнт будуць абапірацца». Акрамя таго, Марк Урнаў чакае тэрытарыяльных закідаў да Расеі з боку ейных суседзяў: «Я не перакананы, што па нейкім часе з такога кшталту прэцэдэнта не скарыстае Кітай, які мае тэрытарыяльныя закіды да нас, нягледзячы на дэмаркацыю межаў. Пэўне ж, з гэтага скарыстаюць і аматары будовы ісламскага халіфата на кошт нашае тэрыторыі. То бок гэта дасьць штуршок хаосу і бязладзьдзю ў міжнародных стасунках, так што будзе ўсім».
Найлепшае выйсьце з гэткае сытуацыі, мяркуе наш суразмоўца, дык гэта поўнае ігнараваньне вынікаў рэфэрэндуму: «Нехта штось сказаў, што да нас [да Расеі] хочуць – ну дык, на здароўе, хлопцы, давайце рады сваім праблемам з вашым законным урадам [афіцыйным Кішынёвам], а потым зварачайцеся да нас, а мы пагледзімо. Нічога болей, як на добры лад, тут няма».