Беларусь гатова да ўвядзення ў дзеянне ў поўным аб’ёме рэжыму адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы ўрада Беларусі, якая распаўсюджана 29 мая.

«Засноўваючыся на Дагаворы аб стварэнні адзінай мытнай тэрыторыі і фарміраванні Мытнага саюза ад 6 кастрычніка 2007 года, Рэспубліка Беларусь захоўвае сваю гатоўнасць да ўвядзення ў дзеянне ў поўным аб’ёме адзінай мытнай тэрыторыі Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Беларускі бок упэўнены, што гэтая работа можа быць паспяхова завершана да 1 ліпеня 2010 года на аснове выканання раней прынятых рашэнняў у межах Мытнага саюза», — гаворыцца ў заяве.

Разам з тым, падкрэсліваецца ў заяве прэс-службы ўрада, «Беларусь зыходзіць з таго, што прапанаваныя нашымі партнёрамі па Мытным саюзе выключэнні з рэжыму адзінай мытнай тэрыторыі супярэчаць дзейнай прававой базе Мытнага саюза, не ўзгадняюцца з міжнароднымі правіламі і наносяць урон інтарэсам суб’ектаў гаспадарання і грамадзян трох дзяржаў».

Як паведамлялася раней, 28 мая ў Санкт-Пецярбургу прайшла сустрэча кіраўнікоў урадаў краін Мытнага саюза, на якую беларускі прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі не прыехаў. Паводле слоў яго прэс-сакратара Аляксандра Цімашэнкі, сустрэча была «недастаткова падрыхтаваная».

Тым не менш кіраўнікі ўрадаў Расіі і Казахстана Уладзімір Пуцін і Карым Масімаў па выніках сустрэчы заявілі, што іх краіны на двухбаковай аснове ўводзяць 1 ліпеня ў дзеянне Мытны кодэкс Мытнага саюза. Пры гэтым дакумент адкрыты для падпісання Беларуссю, заявіў прэм’ер-міністр РФ. «Мы адкрытыя для далучэння Беларусі да ўсіх пагадненняў і рашэнняў, прынятых у межах другога этапа фарміравання Мытнага саюза», — цытуе Пуціна РІА Новости.

Расійскі прэм’ер таксама паведаміў, што Расія і Казахстан дамовіліся ўвесці ў дзеянне 1 ліпеня іншыя міжнародныя дагаворы, што прымаюцца ў развіццё палажэнняў Мытнага кодэкса: «Намі сёння падпісаны адпаведны міжнародны дагавор, які дае магчымасць рухацца да больш глыбокай інтэграцыі, калі спатрэбіцца, на двухбаковай аснове. У падпісаным намі дакуменце вызначаны парадак прымянення на двухбаковай аснове ўсёй дагаворна-прававой базы другога этапа Мытнага саюза».

Кажучы пра Беларусь, Пуцін заявіў: «Мы бяром пад увагу астатнія рознагалоссі з Беларуссю ў частцы парадку ўплаты вывазных мытных пошлін, у тым ліку на сырую нафту, нафтапрадукты, і негатоўнасць беларускіх калег увесці раней узгодненыя мытныя пошліны і пайсці на ўвядзенне ў дзеянне другога этапа Мытнага саюза з 1 ліпеня».

Расійскі прэм’ер падкрэсліў, што гэтае пытанне адносіцца да фарміравання Адзінай эканамічнай прасторы і не звязана з запускаемымі механізмамі Мытнага саюза.

Пуцін таксама заявіў, што Расія і Казахстан будуць уступаць у СГА ўдваіх, калі Мінск не далучыцца да дагавораў Мытнага саюза. «Як толькі Беларусь ў сябе ўнутрыправавыя працэдуры закончыць узгадняць, спадзяюся, у гэты ж момант дакументы падпіша, і мы будзем рухацца ў трохбаковым фармаце. Калі не адбудзецца далучэнне, будзем рухацца ўдваіх», — заявіў кіраўнік расійскага ўрада.

Прэм’ер-міністр Казахстана паведаміў, што пераходны перыяд па ўмовах увозу аўтамабіляў грамадзянамі краін — удзельніц Мытнага саюза будзе дзейнічаць да моманту падпісання спецыяльнага пагаднення ў межах АЭП.

Як паведамляе прэс-служба ўрада Беларусі, у гэты час беларускі бок не валодае дакументамі, падпісанымі 28 мая ў Санкт-Пецярбургу. Пры гэтым, зазначаецца ў дакуменце, «Рэспубліка Беларусь пацвярджае сваё імкненне да інтэграцыі з нашымі партнёрамі — Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Казахстан — у рамках фарміравання Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы».

«Беларускі бок прадоўжыць работу з расійскімі і казахстанскімі партнёрамі, нацэленую на найхутчэйшае стварэнне Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы ў поўным аб’ёме без выключэнняў», — гаворыцца ў заяве ўрадавай прэс-службы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?