Нядаўна спэцслужбы не дазволілі моладзевым актывістам на чале з былым палітжаўнерам і кандыдатам у дэпутаты Франакам Вячоркам правесьці вэляпрабег памяці Багдановіча. Паэт Аляксей Арцёмаў і журналістка Ася Паплаўская з гэтай нагоды напісалі оду.

Ода ў гонар слаўнага героя нашага часу Францішака Валянцінавіча Вячоркі.

Няхай адсохне жа рука
І прабярэ таго халера,
Ня піша хто пра Вінцука
І Франака-палітжаўнера.

Вячорка Франак — наша ўсё!
Пра гэта памятаць павінны
Мы і маскальскае гэб’ё,
Што бьюць па твары іх — нявінных!

Калі ты «Лізы» не чытаў,
Лічы, што ты ня жыў на сьвеце,
Бо ты, лайдак, не паўтараў:
Вячоркі творы — нашым дзецям!

Калі ж і ў войску не служыў,
Ня ведаеш салдацкіх жартаў,
Гады дарэмна ты пражыў —
На Франака раўняцца варта!

Магутна вецер зьменаў дзьме,
Нас падтрымаюць хутка людзі:
І назавем Вінцукскам Менск,
Мазыр — Францішскам новым будзе!

З дзяцінства верыць кожны з нас
У Беларусь, у маладую,
Наш прыйдзе час, вялікі час —
Мы помнік ровару збудуем!

На роварах паедзем мы
У гонар сьветлага Максіма.
Ня будзе страху і маны —
Мы ў штацкім разам ўсіх асілім!

Збудуем новы, лепшы сьвет
І вязьняў выпусьцім з-за кратаў!
Вось наш нашчадкам запавет:
Аслабаніць палітсалдатаў!

Стары рэжым — пякельны змрок,
Яго хаўтуры — наша праца!
У будучыню зробім крок:
Зьнясём лядовыя палацы!

На месцы жа палацаў тых
Збудуем помнікі мы зоркам:
Хлястовых, Смолавых чужых
Заменім Франакам Вячоркам!

Хай будзе вечным наш хаўрус,
Сябры! Зруйнуем жа благое!
Жыве адвечна Беларусь,
Жыве наш Франак разам зь ёю!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?