Аказваецца, на «Вялікім джынсавым фэсьце» былі прад’яўленыя «элемэнты новага эстэтычнага падыходу да арганізацыі масавай акцыі». Арганізатары лічаць мерапрыемства надзвычай пасьпяховым.

«Упершыню быў выкарыстаны дыджэінг мерапрыемства, гучала элітарная музыка, – захоплена заявіў драматург Мікалай Халезін прэс-цэнтру Хартыі-97 (то бок фактычна самому сабе. – аўт.). – Упершыню мітынг і канцэрт вялі вядоўцы высокага ўзроўню падрыхтоўкі. За кошт усяго гэтага была створана новая атмасфэра. Мяркую, што новая эстэтыка прывядзе да таго, што пачнуцца мяняцца падыходы да арганізацыі такіх акцый, бо на вуліцы сталі выходзіць усё больш і больш маладых людзей, якія не зацікавіць старымі фарматамі акцый».

Гэтае захапленьне было б вельмі ўдалым, каб у выніку такіх ноў-хаў «Вялікі джынсавы фэст» сабраў значна больш людзей, чым, напрыклад, канцэрт 25 жніўня, прысьвечаны 15-годзьдзю незалежнасьці. Але 3-4 тысячы, што наведалі плошчу Бангалор – ня падстава для гонару. А спасылкі на будучыя акцыі, на якія «прыцягнутая новай эстэтыкай» моладзь буде хадзіць куды ахвотней, выглядае ня больш чым прапагандысцкі трук, закліканы апраўдаць няўдачу.

У тым жа дусе, што і Мікалай Халезін, выказаўся намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Ён заявіў Радыё Свабода, што асноўныя мэты «Джынсавага фэсту» дасягнутыя. Паводле Івашкевіча, акцыя была закліканая маблізізаваць моладзь для ўдзелу ў мясцовыхт выбарах, і некалькі соцень людзей проста на гэтым фэсьце запісаліся добраахвотнікамі.

Бяда ў тым, што нічога не мяняецца. Запіс у розныя партыі, рухі і г.д. на апазыцыйных акцыях праводзіцца рэгулярна. Але за апошнія гады ніводная з дэмакратычных арганізацый свае шэрагі не павялічыла. Рэч у тым, што запісваюцца на такіх мерапрыемствах ў асноўным тыя, хто так ці інакш ужо зьяўляецца актывістаміапазыцыйных структур. Таму казаць пра мабілізацыю моладзі праз «Вялікі джянсавы фэст» ня варта. Пагатоў досьвед падказвае, што далёка ня ўсе, хто паставіў подпіс рэальна бяруць удзел у палітычным жыцьці.

Калі б шматразовага паўтарэньня слова «халва», у роце станавілася крыху саладзей, то бадзёрыя заявы апазыцыйных палітыкаў даўно б прывялі да падзеньня рэжыму Лукашэнкі. Але няздольнасьць крытычна ацэньваць свае дзеяньні стала ўжо фірмовай рысай лідэраў дэмакратычнага руху. Робячы заявы на публіку, якія надта разыходзяцца з рэчаіснасьцю, яны не набываюць новых прыхільнікаў, а наадварот адшурхоўваюць старых.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?