Сэнс акцыі заключаецца ў тым, каб з 1 па 4 чэрвеня па магчымасці адмовіцца ад наведвання заправак «Белнафтахіма», «Мінскаўтазапраўкі», «Беларуснафты» і «Аргнафтахіма»

Другое за апошні гады яднанне аўтамабілістаў — пасля гісторыі з жывым шчытом — выклікана падаражаннем бензіну. З пачатку года ён стаў даражэйшым на 15%. Без бачных на тое прычын, удакладняюць каардынатары акцыі.

«6 мільёнаў тон бязмытнай нафты для ўнутранага ўжытку, якія краіны атрымлівае ад Расіі, павінны прадавацца аўтамабілістам па нізкіх цэнах, амаль як ва ўсходніх суседзяў», — заявіў адзін з актывістаў кампаніі Канстанцін Міхайлаў.

Ініцыятыва стварылася спантанна ў інтэрнэце і не мае выразнага цэнтру кіравання. Кожны ахвотны можа прычапіць сабе на машыну тэматычны магніцік ці павесіць на шкло адпаведны інфармацыйны аркуш.

«Наклейкі на машыны забароненыя, а пра магніты ў правілах дарожнага руху нічога не сказана», — удакладаняюць каардынатары. Некаторыя СТА сталі прапаноўваць зніжкі ўдзельнікам акцыі. Паслугі каштуюць на 5—10% танней.

Сэнс акцыі заключаецца ў тым, каб з 1 па 4 чэрвеня па магчымасці адмовіцца ад наведвання заправак «Белнафтахіма», «Мінскаўтазапраўкі», «Беларуснафты» і «Аргнафтахіма». Калі ж паліва ў аўтамабілі амаль на нулі, запраўляцца трэба не больш чым на 1—2 літры. Нарэшце, кульмінацыяй акцыі стане 4 чэрвеня — дзень поўнай адмовы ад карыстання аўтамабілямі.

4 чэрвеня на адной са сталічных заправак, дадае БелаПАН, плануецца правесці паказальную акцыю пратэсту.

«Сутнасць у тым, каб машыны прыязджалі, запраўляліся двума літрамі, ад’язджалі, праязджалі па крузе і зноў запраўляліся.

Вадзіцелі з машын будуць выходзіць толькі для таго, каб заправіцца і аплаціць бензін. Мы хочам правесці акцыю пратэсту, але пры гэтым нічога не парушаць», — падкрэсліў Міхайлаў.

Паводле звестак ініцыятараў, на 31 мая ўдзел у акцыі пацвердзілі аўтааматары сямі гарадоў краіны, у тым ліку Баранавіч, Брэста, Гродна, Рэчыцы. Такая актыўнасць стала нечаканай. Адных толькі налепак з надпісам «Стоп‑бензін» было бясплатна раздадзена і даслана па пошце больш як 5 тысяч, паведаміў Міхайлаў.

Раней такія акцыі — адмовы ад машын — праводзіліся па прапанове сусветных экалагічных арганізацый, але вялікай папулярнасці ў Беларусі не здабылі. Цяперашняя выклікана іншымі прычынамі — клопатам не пра прыроду, а ўласныя грошы.

На 9,5 млн жыхароў Беларусі зарэгістравана 2,5 мільёна аўтамабіляў. Атрымліваецца, кожная другая сям’я мае ўласнае прыватнае аўто. Калі ўлічыць яшчэ і членаў іх сем’яў, выходзіць крытычная маса.

Яўген Васількоў

* * *

12 мая канцэрн «Белнафтахім» у трэці раз з пачатку 2010 года павысіў цэны на нафтапрадукты больш чым на 6 %. Да гэтага цэны павышаліся 23 студзеня (у сярэднім на 2 %) і 27 лютага (у сярэднім на 7 %). У выніку бензін ў Беларусі стаў самым дарагім у СНД: літр АІ‑92 каштуе 2.870 рублёў, АІ‑95 — 3.240. паведамляе БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0