Дзяржаўная рэгістрацыя ўсіх інфармацыйных сетак, сістэм і рэсурсаў нацыянальнага сегмента інтэрнета будзе рабіцца бясплатна.

Такое паведамленне з’явілася 2 чэрвеня на афіцыйным сайце Дзяржаўнай інспекцыі па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі (БелДІЭ).

Размешчаныя на тэрыторыі Беларусі інтэрнет‑рэсурсы, інфармацыйныя сістэмы і сеткі неабходна зарэгістраваць да 1 ліпеня 2010 года. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна № 644 ад 29 красавіка «Аб некаторых пытаннях удасканалення выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай камп’ютэрнай сеткі інтэрнет».

Дакумент прыняты з мэтай выканання падпісанага 1 лютага ўказа прэзідэнта № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет».

Забяспечыць дзяржрэгістрацыю рэсурсаў даручана Мінсувязі, якое дэлегавала функцыі рэгістратара БелДІЭ.

Рэгістрацыяй будуць вымушаныя займацца пастаўшчыкі інтэрнет‑паслуг — хостынгавыя кампаніі і інтэрнет‑правайдэры.

Пры гэтым працэс рэгістрацыі прапаноўваецца ажыццяўляць на падставе анкеты заяўніка, якая складаецца больш чым з 30 пунктаў.

Раней таксама было вызначана, што рэгістрацыя інтэрнет‑сайтаў будзе платнай. Прадугледжвалася, што аднаразовая рэгістрацыя будзе каштаваць 16.800 рублёў з ПДК.

Пра тое, што рэгістрацыя беларускіх сайтаў павінна быць бясплатнай, заявіў у гутарцы з карэспандэнтам партала tut.by памочнік прэзідэнта Усевалад Янчэўскі.

«З Адміністрацыяй прэзідэнта пастановы Саўміна ніхто не ўзгадняў. Свае пастановы Саўмін мае права прымаць сам. Ён іх і прыняў. Дарэчы, у саміх пастановах размова, напрыклад, аб аплаце рэгістрацыі не ідзе. Гэта ўжо ініцыятывы структур Мінсувязі. Скажу шчыра: ініцыятывы — і гэтая, і іншыя — больш чым дзіўныя.

Бярэм самы абуральны прыклад — рэгістрацыю паштовых скрыняў. Гэта ж поўны абсурд! Сама рэгістрацыя сайтаў павінна быць бясплатнай. Я ў гэтым упэўнены стопрацэнтна.

Такая ж пазіцыя была і ў ААЦ [Аператыўна‑аналітычнага цэнтра]. Адносна ідэнтыфікацыі карыстальнікаў: усё трэба зрабіць акуратна. Мая пазіцыя — не трэба ніякай самадзейнасці. Бярэм еўрапейскі вопыт — і ўсё. Кропка», — заявіў Янчэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?