Завод гарачага ацынкавання металаканструкцыяў лідскія улады запланавалі пабудаваць прыкладна за 300 метраў ад вёскі Даліна і 800 метраў ад горада Ліды. Жыхары суседніх вёсак Гарні, Шырокая і Даліна абураюцца, бо побач і так ужо стаіць адзін завод «Оптык» і ачышчальныя збудаванні. Людзі баяцца будаўніцтва новага не экалагічнага прадпрыемства.

 Завод «Оптык»

Завод «Оптык»

Жыхары Лідчыны спрабавалі ўжо пісаць лісты прэзідэнту і звяртацца да мясцовай улады: «У нас няма ўпэўненасці, што ачыстка выкідаў будзе 100%, і што у нас не будуць ісці «кіслотныя» дажджы. Вытворчасць гэтая новая для Беларусі малавывучаная, таму наступствы не вядомыя».

Аднак адказы чынавенства суцяшаюць, нібы ўсё будзе добра і прадпрыемства не парушыць ніякіх нормаў і законаў. У траўні была арганізавана сустрэча мясцовых уладаў з жыхарамі лідчыны, каб давесці ім выгоды ад новага завода: ажно 130 новых працоўных месцаў. Жыхары абураны, што пра сустрэчу іх папярэдзілі позна увечары, ды прызначылі яе на заўтра на дзве гадзіны дня — гэта у працоўны дзень. Таму не ўсе змаглі прысутнічаць і выказацца, а хто і прысутнічаў цяпер з крыўдай паказваюць выпуск раённай мясцовай газеты, у якой амаль не згадваецца іх меркаванне (Лідская газета, публікацыя «Ложное представление против очевидной выгоды»)

Падчас сустрэчы з журналістамі «Нашай Нівы» за 15 хвілін каля крыжа ў вёсцы Шырокая сабралася болей за 30 чалавек мясцовых жыхароў:

«А вы хаця б не напішаце як «Лідская газета», што мы не супраць будаўніцтва? — недаверліва ставіліся людзі і абяцалі маліцца за тых, хто раскажа іх сапраўднае меркаванне.

«Навошта нам будаваць у нашых агародах завод? У нас што мала тэрыторый на Беларусі, у лясах ці далей ад горада. Яны ўсё лічаць эканамічную выгоду, бо тут чыгуначная дарога праведзена. І ніхто не думае пра здароўе людзей.

Мы ж усе ведаем, што такое хімічнае прадпрыемства. Кажуць будуць стаяць фільтры, але тут справа такая, пройдзе час і фільтры выйдуць са строю. У Лідзе ж такія спецыялісты, што новыя не набудуць, бо дорага каштуюць. Мы супраць гэтага завода каля нашых хатаў.

Мы хочам, каб да нас маглі дзеці і унукі прыехаць, сарваць яблык і з’есці яго без рызыкі атруціцца — расказвае мясцовы жыхар. — Хай нас не супакойваюць, што гэта бяспечна. Мы не лапцем шытыя, у мяне вышэйшая адукацыя, я энергетык. Я на свае вочы бачу: вось там завод «Оптык» дык побач нават дрэвы не хочуць расці. Навошта нам яшчэ адзін шкодны завод».

Людзі расказваюць, што побач, прыблізна ў кіламетры ад вёскі Шырокая, ачышчальныя збудаванні і перыядычна ўвечары адтуль ідзе такі смурод, што дыхаць няма чым.

З другога боку цячэ невялікая рачулка, у якую часта прарываецца каналізацыя. У дзвюх суседніх вёсках, Шырокая і Гарні, 20% жыхароў інваліды і жывуць за пенсію і з агародаў. Цяпер людзі баяцца, што вырашчаныя прадукты стануць шкоднымі для здароўя.

«Калі горад быў адзін з самых зялёных — мы ганарыліся гэтым. Цяпер яны хочуць, каб мы дыхалі хіміяй і елі цынк, мы будзем змагацца супраць гэтага наколькі магчыма».

Людзі даведзеныя да адчаю адпіскамі чынавенства гатовыя выходзіць «з віламі», каб адстаяць сваё права жыць у чыстым асяроддзі. Ужо сабрана болей за 2 тысячы подпісаў ад жыхароў суседніх вёсак і бліжэйшых да будучага завода раёнаў горада Ліда.

***

«Канешне, прычына для турботаў ёсць. — каментуе старшыня Рады «Экадом», эксперт па Орхускай канвенцыі, актывіст беларускага экалагічнага руху Ірына Сухій,

Ёсць недахоп інфармацыі: не зразумела, якая там тэхналогія, якія плануюцца ачышчаючыя і экалагічныя меры. Беларусь з’яўляецца краінай Орхускай канвенцыі, паводле якой будаўніцтва шкодных вытворчасцей павінна абмяркоўвацца з зацікаўленымі асобамі, у дадзеным выпадку з жыхарамі, на этапе планавання вытворчасці. Яшчэ да пачатку будаўніцтва, каб была магчымасць вырашыць будаваць тут ці ў іншым месцы».

У жыхароў сёння ёсць усе правы запытаць інфармацыю пра дадзеную вытворчасць, каб даведацца наколькі гэта шкодна для іх здароўя. І з абаснаванымі рэчамі спрабаваць даказваць сваё стаўленне. Меркаванне грамадскасці павінна быць улічана, гэта запісана і ў канвенцыі і ў нашым заканадаўстве. Павінен быць доступ да інфармацыі і магчымасць прыняць удзел у вырашэнні, калі яны палічаць што гэтыя іх правы былі парушаны, то яны могуць пайсці ў суд адстойваць сваё права, - мяркуе сп-ня Сухій. - Я вельмі спадзяюся, што ў Беларусі гэтыя заканадаўчыя аспекты пачнуць працаваць усё лепей. Бо, пакуль што, у нас увесь час забываюцца аб грамадскасці і меркаванні людзей. Узгадваюць толькі тады, калі ўжо пачынаюць людзі абурацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?