Форвард зборнай Беларусі і італьянскай «Пармы» Віталь Кутузаў даслаў у Беларускую фэдэрацыю футболу ліст з просьбай не прыцягваць яго да гульняў адборачнага цыклу чэмпіянату Эўропы, паведамляе Прессбол-онлайн. Паводле інфармацыі «Салідарнасці», канфлікт справакавала патрабаваньне кіраўніка дзяржавы ня браць форварда на матч у Галяндыю.

Дэмарш Кутузава мае сваю перадгісторыю. У першым матчы адборачнага турніру беларусы згулялі ўнічыю з альбанцамі – 2:2 – хоць разьлічвалі на перамогу. «Разбор палётаў» прывёў да таго, што на наступную гульню ў Галяндыю, трэнэрскі штаб ня ўзяў форварда з прычыны «нездавальняючай фізычнай формы».

Адразу пасьля таго Кутузаў заявіў: «На зборную, як і на радзіму не крыўдзяцца. У любым выпадку пастараюся ўсё хутчэй забыць і наступнае запрашэньне ў галоўную каманду краіны прыму з чыстым сэрцам» («Прессбол», 7.09.2006). Аднак не прайшло і двух тыдняў, як пазыцыя форварда зьмянілася на дыямэтральна супрацьлеглую. Кутузаў прыслаў у фэдэрацыю футболу факс з просьбай не выклікаць яго ў гэтым адборачным цыкле. Матываваў гэта ён «жаданьнем набраць максымальную фізычную форму і замацавацца ў асноўным складзе «Пармы».

Цяпер Віталь Кутузаў ад камэнтароў адмаўляецца, спасылаючыся на тое, што даў эксклюзіўнае інтэрвію «Прессболу» (яно выйдзе ў наступны чацьвер). Не жадае камэнтаваць сытуацыю і галоўны трэнэр зборнай Беларусі Юры Пунтус – да таго часу, пакуль не паразмаўляе з гульцом.

Паводле інфармацыі «Салідарнасці», рашэньне наконт Кутузава было прадыктаванае «з самае гары». Тэлегледачу Аляксандру Лукашэнку не спадабалася, што падчас трансьляцыі на экране неаднаразова зьяўляўся ўсьмешлівы твар форварда, што, на думку кіраўніка дзяржавы, не адпавядала драматычнасьці моманту. Пасьледавала ўказаньне – Кутузава ў Галяндыю ня браць – аспрэчыць якое ніхто не рашыўся. У выніку перад найскладанейшым выязным матчам у зборнай утварыўся дэфіцыт форвардаў.

Можна толькі гадаць, як бы выступіла зборная з Кутузавым. Але дакладна вядома, што ягонае выдаленьне са зборнай асаблівых дывідэнтаў не прынесла. Беларусы прайгралі -- 0:3.

Нагадаем, што кар’ера Віталя Кутузава, што раней выступаў за барысаўскі БАТЭ, рэзка пайшла ўгару, пасьля таго, як ягоны клюб у эўракубках згуляў зь «Мілянам». Адразу італьянцы вырашылі набыць беларускага форварда. Але замацавацца ў «Міляне» Кутузаву не ўдалося. У мінулым сэзоне ён гуляў за «Сампдорыю», сёлета – перайшоў у «Парму».

Гульня Кутузава за зборную нярэдка станавілася прадметам крытыкі. Аднак пры ўсім гэтым ён зьяўляецца адным з найбольш выніковых форвардаў нацыянальнай каманды. Пазбавіўшыся Кутузава, зборная Беларусі відавочна не павялічыла шанцаў на прыстойны выступ ў адборачным турніры. Таксама не дадае аптымізму і тое, што рашэньні, каго браць у зборную, а каго не замест галоўнага трэнэра пачынаюць прымаць высокія чыноўнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?