Сябра камітэта Вярхоўнай Рады Украіны па міжнародных справах Леанід Кажара заявіў, што Мінск сапраўды выставіў Кіеву дадатковыя фінансавыя прэтэнзіі.
Пры гэтым дэпутат ад Партыі рэгіёнаў адзначыў, што патрабаванне Беларусі выходзіць за межы дасягнутых раней дамоўленасцяў і «не мае аб’ектыўнага сэнсу».

«Украіна не будзе датаваць беларускую эканоміку, калі ў яе нейкія праблемы. Я лічу гэта (грашовыя прэтэнзіі — Тэлеграф) неабгрунтаваным», — падкрэсліў украінскі парламентар ад кіруючай партыі ў інтэрв’ю «Новаму рэгіёну».

На думку Леаніда Кажары, каштоўнасць стасункаў Украіны і Беларусі «выходзіць за пытанні ўзаемасправаздач, якія былі пасля распаду СССР».

«Украіна сама па сабе вельмі каштоўны партнёр, і мы кажам, што мы маем з Беларуссю штогод больш за чатыры мільярды даляраў таваразвароту. Таму мы павінны клапаціцца аб перспектыве, а не думаць пра мінулае. І сёння нейкія дадатковыя патрабаванні з беларускага боку не выглядаюць абгрунтаванымі. Яны не накіраваныя на развіццё двухбаковых стасункаў», — канстатаваў дэпутат Вярхоўнай Рады.

Як раней перадаваў Тэлеграф, газета «Коммерсант‑Украина» паведаміла 3 чэрвеня, што Беларусь адмаўляецца фармальна завяршаць працэс ратыфікацыі пагаднення аб дзяржмяжы з Украінай, што не ўдавалася зрабіць апошнія 13 гадоў.

Паведамлялася, што нібыта запланаваная на 28 чэрвеня сустрэча прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Януковіча не адбылася праз тое, што ўзамен на заканчэнне працэсу ратыфікацыі пагаднення аб дзяржаўнай мяжы Мінск «патрабуе ад Кіева выплаты 130 млн. даляраў нібыта наяўнага дзярждоўгу».

У прэс‑службе беларускага лідэра пазней гэтую інфармацыю абверглі.

Крыніца ў міністэрстве замежных спраў Украіны заявіла, што Кіеў гатовы вярнуць Беларусі толькі 50 млн. даляраў дзярждоўгу, які сфармаваўся ў пачатку 1990‑х гадоў. Астатнюю запазычанасць Украіна прапануе кампенсаваць за кошт зніжэння тарыфаў на транзіт венесуэльскай нафты і электраэнергіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?