Пабываць у гэтай краіне ўсім раіць музыка Лявон Вольскі.
Фота internetravel.ru.
Чарнагорыя знаходзіцца на адрыятычным узбярэжжы Балканскага паўвострава. Сталіца — Цацыне. Але найбуйнейшы горад краіны — Падгорыца. У ім знаходзіцца ўрад, парламент. У краіне пражывае 672 тысячы чалавек. Мяжуе з Сербіяй, Харватыяй, Босніяй і Герцагавінай, Албаніяй.
Афіцыйная мова краіны — чарнагорская. Гэта адна з новых моў у свеце. А якасці афіцыйнай яе прынялі толькі тры гады таму. Да гэтага яна лічылася дыялектам сербскай. Але і сёння па-сербску размаўляе большасць насельніцтва.
Самыя папулярныя курорты Чарнагорыі — Герцаг Нові, Будва, Бар, Ульцынь, востраў Святога Стэфана.
Пры выбары месца, дзе мяркуеце спыніцца, кіруйцеся найперш не колькасцю зорак, а тымі паслугамі, што прапаноўваюцца, і аддаленасцю ад мора. Спыніцца можна ў гатэлі, на віле, на кватэры.
Чарнагорыя славіцца сваёй чыстай прыродай. У краіне ёсць горы, у якія можна забрацца пра жаданні. Што яшчэ да актыўнага адпачынку, то прапаноўваецца шмат водных забаваў: дайвінг, сплаў на рафтах (плытах), сёрфінг, парусная рэгата. Каб агледзець краіну, можна скіравацца на экскурсіі. Для гэтага можна замовіць аўтобус альбо ўзяць на пракат аўтамабіль.
Дабрацца да Чарнагорыі з Мінска можна на самалёце альбо на аўтобусе (машыне). З Масквы ходзіцьа цягнік (дарога зойме каля 60 гадзін).
Туры на 7-11 дзён з пералётам з Мінска прапануюцца за 530-685 еўра і вышэй.
Калі ехаць аўтобусам, то трэба афармляць транзітную румынскую ці шэнгенскую візу (у залежнасці ад маршруту). З-за таго, што дарога да Чарнагорыі няблізкая, турыстычныя фірмы прапануюць спыняцца на экскурсіі і начоўкі ў еўрапейскіх сталіцах. Як правіла, гэта Будапешт, Прага, Вена, Бялград.
Увесь аўтобусны тур на 16-17 дзён, дзевяць-дзесяць з якіх пройдуць на моры, абыдзецца прыблізна ў 380-490 еўра (з паслугамі турфірмы і візай).
Чарнагорыя вылучаецца сваімі невысокімі коштамі. У якасці валюты выкарыстоўваецца еўра.
У Чарнагорыі адпачываў Лявон Вольскі. Ён усім раіць яе наведаць.
«Вельмі вабіць краіна, хоць і не быў там ужо два гады. Мне падабаецца там. Ёсць і ціхія месцы для сямейнага, і месцы для багемнага адпачынку. У Чарнагорыі захавалася некранутае праваслаўе, без гэтага золата. Прыгожыя манастыры. Раю размаўляць па-беларуску ў рэстарацыях, бо да рускамоўных ставяцца па-іншаму, як і паўсюль». Музыка сёлета зноў збіраецца наведаць Чарнагорыю. Але яшчэ не ўпэўнены ці атрымаецца.
Што можна прывезці з краіны? Алкагольныя напоі «Крстач» і «Вранац», капу (галаўны ўбор з вышытым гербам краіны) альбо чэмерэ (жаночы пояс).
У Беларусі шмат турыстычных фірм займаецца арганізацыяй тураў у Чарнагорыю. Таму выбраць больш прымальны па ўмовах і коштах не будзе праблем.
Пазнаёміцца з пераклікам краін, у якія беларусам не трэба адкрываць візы, можна тут.