6 чэрвеня ў Варшаве адбылася ўрачыстая цырымонія беатыфікацыі ксяндза Ежы Папялушкі. Святар, якога называлі «капеланам «Салідарнасці», быў закатаваны камуністычнымі спецслужбамі ў кастрычніку 1984 года.

Ксёндз Ежы Папялушка падтрымліваў апазіцыю, чым мог. Фота з pl.wikipedia.org.

Ксёндз Ежы Папялушка падтрымліваў апазіцыю, чым мог. Фота з pl.wikipedia.org.

Удзячныя палякі дабіліся беатыфікацыі святара. Фота ПАП.

Удзячныя палякі дабіліся беатыфікацыі святара. Фота ПАП.

На цырымонію ў Варшаве сабралася 250 тысяч вернікаў. Фота ПАП.

На цырымонію ў Варшаве сабралася 250 тысяч вернікаў. Фота ПАП.

На Імшу, якая праходзіла на плошчы Пілсудскага ў польскай сталіцы, сабралася больш за 250 тысячаў чалавек. Пасля заканчэння набажэнства вернікі рушылі працэсіяй да касцёла Божага Провіду, несучы з сабой абраз і рэліквіі кс. Папялушкі. «Няхай яго прыклад і заступніцтва ўздымае стараннасць святароў і распальвае любоў вернікаў», — такія словы з нагоды ўшанавання ксяндза і нацыянальнага героя прамовіў Папа Бенедыкт XVI.

Нарадзіўся Ежы Папялушка 14 верасня 1947 года ў вёсцы Акопы на Беласточчыне. Яго бацькі былі простымі сялянамі. У сям’і шанавалася памяць дзядзькі, які змагаўся ў шэрагах Арміі Краёвай ды загінуў ад рук камуністаў. З маленства Ежы адзначаўся глыбокай рэлігійнасцю. Школьнае кіраўніцтва неаднойчы рабіла з гэтай нагоды заўвагі ягоным бацькам.

У 1972 годзе ён стаў ксяндзом. За часамі святарскага служэння ў кс. Папялушкі склаліся добрыя стасункі з удзельнікамі антыкамуністычнага руху.

Ксёндз ніколі не ангажаваўся наўпрост у дзейнасць супраціву, аднак заўсёды падтрымліваў патрыётаў духоўна. Калі ў 1981 года рух «Салідарнасці» стаў набіраць моц, кс. Папялушка служыў набажэнствы на ахопленых страйкамі варшаўскіх прадпрыемствах. Пасля ўвядзення ў снежні таго ж году ваеннага становішча кс. Ежы стаў праводзіць у варшаўскім касцёле св. Станіслава Косткі Імшу за Айчыну.

«Не дазволь перамагчы злу, але перамагай зло дабром», — гэтая цытата з ліста Апостала Паўла да рымлянаў стала дэвізам для святара. Ён быў перакананым прыхільнікам негвалтоўнага супраціву. У сваіх казаннях кс. Папялушка смела і адкрыта казаў пра заганы аўтарытарнай улады, але адначасова перасцерагаў людзей ад таго, каб яны адказвалі рэжыму яго ж метадамі. Удзельнікі супраціву называлі ксяндза Папялушку «капеланам «Салідарнасці», хоць ніхто афіцыйна не надаваў яму такі тытул.

Рэжым не мог дараваць кс. Папялушку ягоныя пропаведзі і ягоную салідарнасць з пераследаванымі. На ксяндза завялі крымінальную справу, за якую яму пагражалі дзесяць год турмы. Падчас ператрусу ў ягоным доме была «знойдзена» зброя, што стала падставай для прапагандысцкай кампаніі ў сродках масавай інфармацыі.
За ксяндзом сачылі, супраць яго ладзілі правакацыі, дасылалі лісты з пагрозамі.

Калі стала зразумела, што ніякія метады ціску не спрацоўваюць, раз’юшаныя спецслужбы прынялі рашэнне забіць кс. Папялушку.

Увечары 19 кастрычніка 1984 года яго машыну спынілі каля Торуні два супрацоўнікі Службы бяспекі, пераапранутыя ў форму дарожнай міліцыі. Ксяндза схапілі, звязалі і кінулі з моста ў Віслу. Цела святара было знойдзена ў рацэ толькі праз дзесяць дзён.

Ад таго часу ксёндз Ежы Папялушка стаў легендай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?