У ноч з аўторка на сераду дашчэнту выгарала таварыства «Кніга», што тыдзень таму адзначыла сваё 30-годзьдзе. Згінула 200 асобнікаў кнігі Васіля Быкава, 150 асобнікаў кнігі Ніла Гілевіча з выдаванай «Кнігай» сэрыі «Народная бібліятэка», каля 500 кніжак з сэрыі «Скарбы беларускай літаратуры і фальклёру», кампутары арганізацыі і ўся дакумэнтацыя — аж да працоўных кніжак. Застрахаваная маёмасьць не была. «Гэта канец. Трэба ўсё пачынаць з нуля», — кажа дырэктар таварыства Андрэй Лапцёнак. Сытуацыя для «Кнігі» тым больш прыкрая, што таварыства нядаўна самаліквідавалася, таму нават атрымаць кампэнсацыю за маёмасьць ня ўдасца.

«Кніга» месьцілася ў мансардзе будынку па вуліцы Захарава, 42, які займае пераважна Ўпраўленьне статыстыкі па горадзе Менску. Будынак быў ва ўласнасьці ЖРЭА, надбудовы належалі розным уласьнікам.Усяго на тым паверсе пажар зьнішчыў каля дзесяці офісаў. Тыя, што былі ніжэй, пажарнікі залілі вадой, калі гасілі агонь. Пажар пачаўся з офісу арганізацыі, якая здавала ў арэнду памяшканьні ў тым будынку. Афіцыйная прычына — кароткае замыканьне.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?