25-27 чэрвеня. Музычны фэст на літоўска-беларускім памежжы Be2gether. Ля вёскі Нарвілішкі можна будзе пачуць сусветнавядомыя гурты — Skunk Anansie, «Empire Of The Sun» (Аўстралія), Roots Manuva, «Гайдамаки» (Украіна), Casiokids (Нарвегія), Bauchklang (Аўстрыя), «Рубль» са Шнуравым (Расія).

З усіх трох Be2gether’аў сёлетні — самы беларускі. Беларусь на фестывалі прадставяць ажно 4 гурты: CherryVata, Open Space, Akute і, вядома, Лявон Вольскі з праектам на словы класічных паэтаў «Белая яблыня грому». А таксама беларускія павільёны, дзе можна будзе набыць кнігі і атрыбутыку. А таксама паэтычныя выступы-перформансы беларускіх літаратараў.

Слоган Be2gether’а — «Музыка адчыняе межы» ужо шмат хто чытае як «музыка дае візу ў Еўропу», бо ўладальнікам квітка выдаецца дармавая літоўская віза на 5 дзён. Але арганізатары папярэджваюць, што памежнікі будуць старанна правяраць наяўнасць зваротнага квітка — так што пасля мяжы ні на якія моры не збочваем і прастуем у Нарвілішкі. Падаць дакументы на візу можна да 17 чэрвеня. Цана квіткоў — 250 тыс. рублёў, але калі вы знойдзеце трох сяброў, то 185 тысяч.

25-27 чэрвеня. У тыя самыя дні на тэрыторыі летапіснай Літвы, але ўжо на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адбудзецца 5-ты фэст сярэднявечнай культуры «Наваградскі замак — 2010». Сёлета фэст прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. У праграме: тэатралізаваныя шэсці на чале з Вітаўтам і Ягайлам у атачэнні світы і прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў. Конны і рыцарскі турнір ля ўзножжа Замкавай гары: лучнікі, вершнікі, мечнікі. І, вядома, фэст сярэднявечнай музыкі. На дэсерт — традыцыйны штурм крыжакамі наваградскага замка. Большая частка мерапрыемстваў — бясплатная.

26 чэрвеня. Фэст электроннай музыкі Global Gathering Freedom Music. Зноў жа ў тыя самыя дні — легендарны як на Беларусь фестываль адбудзецца на аэрадроме «Баравая», ля мінскай кальцавой. На вольным паветры можна будзе патанчыць пад сусветную суперзорку ды-джэя David Guetta, ды-джэя John Digweed’а, і непаўторнага John’а. Арганізатарам падалося гэтых траіх замала: яны дадалі Sander van Doorn’а, Music Paul Thomas’а і Eston’а. Галоўна, каб не пайшоў дождж.

16-18 ліпеня. У лясах Беласточчыны фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча-2010», можа, і пройдзе без NRM, «Крамы» і «Нейра Дзюбеля», аднак тамака будуць «Тройца», «Гурзуф» і «Адыс Абеба» ды шэраг іншых. Упершыню плануюць прыняць удзел «Ляпіс Трубяцкой». Фэст дармавы (хіба трэба раскашэліцца на месца пад намёт). Тут галоўная задача — здабыць візу ў Польшчу.

15-18 ліпеня. Святкаванні, прысвечаныя 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. Таксама Польшча, таксама задарма і таксама пасярод голага поля. Але якога! Ля Дуброўна (Грунвальда, Жальгірыса) адзначаць юбілей перамогі беларуска-літоўска-польскага войска над Тэўтонскім ордэнам. Тэатралізаваныя шоу з удзелам Ягайлы і магістра фон Юнгінена з коннымі харугвамі, рыцарскім турнірам, фаер-шоу, канцэртамі сярэднявечнай і народнай музыкі і збудаваны горад рамеснікаў. І вядома 17 ліпеня а 14.00 — грандыёзная інсцэнізацыя векапомнай сечы, якая, дарэчы, не абыдзецца без беларускіх харугваў пад «Пагоняй». Разам чакаюць прыбыццё каля 5 тысяч рыцараў (нагадаем, у сапраўднай бітве ўдзельнічала ўсяго толькі ў 12 разоў больш).

11-16 жніўня. Фэст Sziget. На выспе пасярод Будапешту адбудзецца адзін з найвялікшых музычных фэстаў свету. Галоўную сцэну акупуюць музыкі з Iron Maiden, Faithless, 30 Seconds to Mars, Kasabian, і наш «Ляпіс Трубяцкой». Патанчыць жа можна будзе на Party Arena: Infected Mushroom, Gotan Project, DJ Shadow, Simian Mobile Disco, Calvin Harris and Breakestra feat. Мы любім і цэнім гэты фэст за музыку, але не толькі: «Сігет» ганарыцца сваімі тэатральнымі сцэнамі. Сёлета будуць выступаць вандроўныя цыркі, кітайскае агнявое шоу і тэатр танца. Шэсць дзён наведнікаў чакае беганіна паміж сцэнамі, але яна вартая гэтых высілкаў. Кошты 130-200 еўраў. Віза ў Венгрыю патрэбная.

21-23 жніўня. Фэст Be Free — 2010 у Чарнігаве. Напрыканцы жніўня ў Чарнігаве пройдзе штогадовы музычны фэст. Сёлета ён будзе трохдзённым. Арганізатары ўлічылі леташні вопыт і такім чынам хочуць вырашыць праблему вяртання ў Беларусь удзельнікаў фэсту і яго гасцей. Свой удзел у фэсце ўжо падцвердзілі IQ-48, Крама i Neuro Dubel. Перамовы з іншымі беларускімі і ян толькі гуртамі працягваюцца.

Як і «Басовішча» фэст у Чарнігаве бясплатны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?