Названыя імёны чатырох падазраваных вайскоўцаў. Трое з іх былі раней судзімыя.

Як паведамілі РБК у Следчым камітэце пры пракуратуры РФ, калі прадстаўнік Дэпартамента крымінальных расследаванняў Рэспублікі Польшча звярнуўся да расійскіх праваахоўных органаў з просьбай праверыць факт выкарыстання на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі банкаўскіх карт аднаго з пасажыраў самалёта, пацярпелага крушэнне пад Смаленскам, ФСБ ужо ведала пра гэты факт і расследавала справу.

Аказваецца, камандаванне вайсковай часткі, якая забяспечвае дзейнасць ваеннага аэрадрома пад Смаленскам, паведаміла ў праваахоўныя органы, што ў вайскоўцаў тэрміновай службы выяўленыя замежныя банкаўскія карты.

Следства высветліла, што вайскоўцы Сяргей Сыраў, Ігар Пуставар, Артур Панкратаў і Юры Санько, якія знаходзіліся 10 красавіка 2010г. у ачапленні месца падзення самалёта, паспелі скарыстацца скрадзенымі з месца трагедыі банкаўскімі карткамі загінуўшых палякаў, зняўшы з іх грошы на суму больш за 60 тыс. расійскіх рублёў (каля 1600 еўра).

У дачыненні салдат распачатая крымінальная справа паводле п. «а» ч.2 ст.158 КК РФ (крадзеж, учынены групай асоб па папярэдняй змове). Усе чацвёра абвінавачаных прызналіся ў зробленым і актыўна супрацоўнічаюць са следствам. У дачыненні да абвінавачаных абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад назіранне камандавання вайсковай часткі.

У ведамстве адзначаюць, што трое з абвінавачваных былі раней судзімыя: Сыраў — за здзяйсненне рабавання, Панкратаў — за выраб, захоўванне, перавозку або збыт падробных грошай ці каштоўных папер, Санько — за крадзеж.

Варта адзначыць, што расійскі бок да апошняга адмаўляў гэты факт. Не каментавалі інфармацыю польскага боку ні Міністэрства абароны, ні МУС Расіі. Прадстаўнікі апошняга, паколькі першапачаткова палякі падазравалі ў марадзёрстве супрацоўнікаў смаленскага АМАПу, назвалі гэьую інфармацыю «цынічнай і блюзнерскай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?