Заўвагi да артыкула Цімаці Снайдэра «Адрынутая рэальнасць Халакоста», скарочаны пераклад якой быў надрукаваны ў «Нашай Ніве» 10 сакавіка 2010 года (Timothy Snyder. Holocaust: the Ignored Reality. The New York Review of Books, 16 July 2009).

Добра, што «Наша Ніва» звярнулася да тэмы чалавечых стратаў ад савецкага і нацысцкага рэжымаў. Дзякуй доктару Снайдэру, што напомніў пра яе амерыканскай і, дзякуючы «Нашай Ніве», беларускай аўдыторыі. Толькі, на жаль, замест акуратнага выкладання фактаў і лічбаў, якія ілюструюць каласальную людскую трагедыю, ён шырокімі мазкамі накідаў канцэпцыю, згодна з якой масавыя забойствы ў Беларусі, Украіне, Польшчы і балтыйскіх дзяржавах у 1930–1940-я гады — гэта расчыстка Сталіным і Гітлерам тэрыторыі пад нейкія эканамічныя праекты. Аказваецца, камуністы і нацысты масава забівалі людзей дзеля таго, каб ашчадзіць ежу і забяспечыць эканамічны рост.

«Эканамічныя» прычыны масавых забойстваў

У абмеркаваннях гісторыі масавых забойстваў саветамі і нацыстамі спадара Снайдэра «непакоіць адсутнасць… эканомікі». Сапраўды, наўздагон за Карлам Марксам і Білам Клінтанам, самы час яшчэ раз патлумачыць усяму сьвету: «it’s the economy, stupid!»

Пачнем з Савецкага Саюза. Эканамічны рост у 1930-я гады ў СССР быў такі: нацыянальныя культурныя багацці і прыродныя рэсурсы, адабраная ў сялянства сельгаспрадукцыя, а таксама прадукты рабскай ГУЛАГаўскай працы прадавалася за мяжу для набыцця ўзбраення і ваенных тэхналогіяў, а таксама дзеля стварэння індустрыяльнай базы вытворчасці ўзбраенняў у нечуваных ніколі маштабах. Адзіная сацыяльная група мела эканамічныя выгоды ад гэтага: партыйна-савецкі апарат, армія і НКВД былі матэрыяльна забяспечаныя з першых дзён савецкай улады.

Галадамор быў адным з вынікаў палітыкі калектывізацыі — з яе адчужэннем сельгаспрадукцыі ў сялян (на экспарт і для забеспячэння звышхуткай індустрыялізацыі). Але заморванне людзей голадам не мела ніякага эканамічнага сэнсу. Не было ніякага эканамічнага сэнсу ў кардонах на шляху людзей, якія імкнуліся пакінуць галодныя мясціны, не было эканамічнага сэнсу высыпаць апошнюю бульбу з кацялкоў людзей, што паміралі з голаду, не было эканамічнага сэнсу ў вынішчэнні сялянства на самых ўрадлівых у свеце землях.

Што тычыцца рэпрэсій 1937–1938 гадоў, то яны былі скіраваныя супраць нелаяльных элементаў у партыі, савецкім апараце, арміі і НКВД, а таксама супраць патэнцыйнай «пятай калоны» ў выпадку сусветнай вайны, для перамогі ў якой, зрэшты, і трэба было столькі ўзбраення: кулакоў, прадстаўнікоў іншых «сацыяльна варожых» груп, а таксама «шпіёнскай і тэрарыстычнай базы» — тых нацыянальнасцяў, якія мелі дзяржаўнасць за межамі СССР — немцаў, фінаў, эстонцаў, латышоў, літоўцаў, палякаў, румынаў, баўгар, грэкаў, іранцаў, аўганцаў, кітайцаў, карэйцаў, японцаў ды інш. Дарэчы, этнічных беларусаў і ўкраінцаў так званыя нацыянальныя аперацыі (некарэктна перакладзеныя ў «НН» як «аперацыі супраць нацдэмаў») амаль не закранулі. Ніякай эканамічнай матывацыі ў рэпрэсіяў 1937–1938 гадоў не было. Наадварот, праз масавы адстрэл кіраўнічых кадраў вытворчасць была шмат дзе часова дэзарганізванай.

Адзіным інструментам сталінскіх рэпрэсіяў, які меў выразны эканамічны складнік, быў ГУЛАГ. Які, як прызнае і сам спадар Снайдэр, «не быў сістэмай масавага забойства». Але нават у выпадку ГУЛАГа эканамічны аспект был спадарожнікавай з’явай. Агульнавядома, што ў часы «дзяцінства і юнацтва» ГУЛАГа ніякай эканамічнай ролі для яго не адводзілася (тое самае, дарэчы, было і з першымі нацысцкімі канцлагерамі). Толькі ў канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў ГУЛАГаўскае кіраўніцтва, а за ім і высокія таварышы ў Палітбюро зразумелі, што вынішчаць людзей немэтазгодна з эканамічнага пункту гледжання. Яны ўсвядомілі, што рабская праца зняволеных не толькі дазваляе перавесці лагерную сістэму на самаакупнасць, але і ствараць нейкую дадатковую вартасць. Стаўка на рабскую працу зняволеных была зроблена тады, калі ў распараджэнні крамлёўскіх людажэраў з’явіліся сотні тысячаў людзей, чыё жыццё не каштавала нічога, каго можна было прымусіць кайліць залатую пароду ці валіць лес па дванаццаць гадзінаў у дзень на саракаградусным марозе за 800-грамовую хлебную пайку, і калі за даляры, выручаныя ад продажу гэтага золата і гэтага лесу можна было набыць паслугі амерыканскіх інжынераў, якія спраектуюць Сталінградскі трактарны завод і сотні іншых прамысловых гігантаў, на якіх, як гаворыцца ў вядомым анекдоце, нават пасля канверсіі колькі ні збірай дзіцячы ложак — усё роўна выходзіць кулямёт.

Але эканамічная эфектыўнасць ГУЛАГаўскай працы ніколі дакладна не вымяралася. Ды гэта й не было магчымым у краіне, у якой цэнаўтварэнне не было рынкавым. Колькасць «насельнікаў» Архіпелага ніколі не перавышала 1,5% насельніцтва СССР, і занятыя яны былі далёка не ў высокатэхналагічных галінах, так што ствараная імі частка нацыянальнага прадукту наўрад ці перавышала некалькі адсоткаў. Ніякага істотнага ўплыву на развіццё эканомікі СССР праца зняволеных аказаць не магла. Дарэчы, у пасляваенны час савецкае кіраўніцтва зразумела, што большы плён ад працы людзей будзе тады, калі яны будуць працаваць не ў «малой зоне» (ГУЛАГу), а ў «вялікай» (так зняволеныя жартам пазначалі волю), што разам са смерцю Сталіна абумовіла амністыі 1950-х гадоў.

А ці была эканамічная матывацыя ў Халакоста? Мы ведаем, што маёмасць і каштоўнасці былі адабраныя ў «яўрэйскай плутакратыі» задоўга да таго, як пачаліся масавыя забойствы. Так, яўрэі і іншыя зняволеныя ў звычайных канцэнтрацыйных і працоўных лагерах нацыстаў надрываліся на непасільнай працы, але масавых забойстваў у гэтых лагерах не было. А вось у так званых лагерах смерці зняволеных на працу не ганялі — іх там адразу забівалі.

Вынішчэнне партызанскіх вёсак у Беларусі таксама нічога не давала ў эканамічным сэнсе — адабраць жывёлу і харч у сялян можна было і без расстрэлаў.

А ў галоднай смерці соцень тысяч савецкіх ваеннапалонных ад голаду, холаду і хваробаў ці быў эканамічны матыў? Вермахт быў не гатовы да такой колькасці палонных і не збіраўся адрываць ад сябе ежу і медыкаменты, што ў спалучэнні з пагардай да савецкіх людзей і нежаданнем элементарна паклапаціцца аб былым праціўніку прывяло да масавай смяротнасці сярод палонных чырвонаармейцаў восенню 1941 года і зімой 1941–1942 гадоў. У далейшым умовы ўтрымання савецкіх ваеннапалонных палепшалі і сталі не горшымі, а то і лепшымі, чым у ГУЛАГу ў гады вайны. Як і спадар Снайдэр, нацысты і камуністы выдатна разумелі, што «чалавек важны менавіта, пакуль ён жывы». Асабліва — ў эканамічным плане.

Забойствы людзей нацыстамі і камуністамі Снайдэр лічыць «бессардэчна інструментальнымі пошукамі эканамічнага росту». Няўжо Дзяржплан з Саўнаркамам прыкідвалі: калі расстраляць яшчэ сто тысяч чалавек, то на колькі адсоткаў вырасце ВУП?

Спадар Снайдэр піша: «І ў саветаў, і ў нацыстаў ідэалогія, якая ўзаконьвала масавую смерць, была перадумовай эканамічнага развіцця. У святле недахопу рэсурсаў, асабліва харчавання, абодва рэжымы паядналі масавае забойства з эканамічным планаваннем. Зрабілі гэта яны спосабамі, якія сёння падаюцца нам жахлівымі, але якія ў часы свайго ажыццяўлення былі дастаткова пераканаўчымі, каб матываваць вялікую колькасць прыхільнікаў».

Пра якую масаваю падтрымку гэтай прыдуманай доктарам Снайдэрам ідэалогіі вядзецца гаворка? Няўжо ў нейкіх партыйных дакументах вялася гаворка пра забойствы як метад датэрміновага выканання пяцігодкі? Няўжо шырокія масы радасна віталі Галадамор? Ёсць сведчанні аб тым, што нават некаторыя прадстаўнікі савецкай наменклатуры, што прайшла загартоўку спусканнем кранштацкіх матросаў пад лёд і тручэннем тамбоўскіх мужыкоў газамі, жахаліся ад таго, што рабіла савецкая ўлада на Украіне ў 1932–1933 гадах. А пра прыроду ўзаемаадносінаў савецкай улады з масамі добра сказаў Іван Саланевіч: «Рэалістычнасць бальшавізму выявілася, у прыватнасці, у тым, што стаўка на свалату была пастаўленая адкрыта і без ваганняў… Тэхніку і арганізацыю гэтай апошняй бальшавізм ад сярэдневечнай і капіталістычнай кустаршчыны падняў да ўзроўню эпохі самалётаў і радыё. Яе гэты „актыў“ сабраў з ўсёй зямлі, аддзяліў ад усяго астатняга насельніцтва хімічнай пробай на данос і кроў, адгарадзіў сцяной з нянавісці, узброіў кулямётамі і танкамі і… напляваць нам на падтрымку масаў…».

Геаграфічныя аберацыі

Снайдэр піша: «Геаграфічны, маральны і палітычны цэнтр масавых забойстваў ляжыць ва Усходняй Еўропе, перш за ўсё ў Беларусі, Украіне, Польшчы і балтыйскіх дзяржавах». Гучыць, як кажуць, канцэптуальна, але што гэта значыць? Што такое «маральны цэнтр масавых забойстваў»? Не ведаю. Ці можа спадар Снайдэр мае на ўвазе актыўны ўдзел мясцовага насельніцтва ў крывавых акцыях акупантаў — вынішчэнні яўрэяў, знішчэнні насельніцтва падчас антыпартызанскіх акцыяў і ахове гета, лагераў ваеннапалонных і канцлагераў, у якіх штодзень паміралі дзясяткі і сотні чалавек? Ці можа маецца на ўвазе «маральнае права» Лукашэнкі эксплуатаваць тэму «ў Беларусі загінуў кожны трэці»?

Што тычыцца «палітычных цэнтраў» масавых забойстваў, то яны добра вядомыя — Масква і Берлін. Абедзве сталіцы месцяцца за межамі Польшчы, Беларусі, Украіны і прыбалтыйскіх краін.

Што ж застаецца ў сухім астатку? Геаграфія. Спадар Снайдэр слушна ўказвае, што большасць забойстваў цывільнага насельніцтва нацысты і іхныя памагатыя ажыццявілі ў Польшчы, Украіне, Беларусі і Прыбалтыцы. Сапраўды, на гэтых тэрыторыях пражывала большасць еўрапейскіх яўрэяў, разам з каторымі былі знішчаныя сотні тысячаў яўрэяў з Германіі і іншых цэнтральна- і заходнееўрапейскіх краінаў. Але што змянілася б, калі б беларускіх, польскіх і нямецкіх яўрэяў вывозілі для знішчэння на тэрыторыю Францыі?

Што тычыцца расстрэлаў 1937–1938 гадоў, то інтэнсіўнасць вынішчэння «ворагаў» у розных рэгіёнах СССР задавалася зверху і была адносна роўнай. У далейшым яна залежала галоўным чынам ад ініцыятывы з месцаў, калі мясцовыя «тройкі» прасілі Маскву павялічыць расстрэльныя «ліміты». У Беларусі гэта рабіў таварыш Панамарэнка, а адзін з ягоных папярэднікаў на пасадзе першага сакратара ЦК КП (б)Б, таварыш Гікала, — у Харкаўскай вобласці. (Імёнамі гэтых дзеячоў названыя вуліцы ў Мінску.) Ніякіх прынцыповых геаграфічных адрозненняў у колькасці забітых падчас Вялікага Тэрору не было. Тое, што большасць расстраляных прыходзіцца на еўрапейскую частку СССР выклікана выключна тым, што там пражывала большая частка насельніцтва Савецкага Саюза.

Адзіны від сталінскіх рэпрэсіяў, які быў геаграфічна дэтэрмінаваны, былі дэпартацыі з Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Прыбалтыкі і Малдовы у 1939 — першай палове 1941 года, а таксама ў пасляваенныя гады. Сотні тысячаў чалавек былі дэпартаваныя ў Сібір і Казахстан, але колькасць заўчасна памерлых сярод іх падчас дэпартацый вымяралася не дзясяткамі тысячаў, як лічыць спадар Снайдэр, а тысячамі чалавек.

Што тычыцца звышвысокай смяротнасці у ГУЛАГу, якая, паводле спадара Снайдэра, «перасоўвае геаграфічны эпіцэнтр забойстваў… на расійскі Ўсход», то трэба памятаць, што колькасць зк/зк у еўрапейскай частцы ГУЛАГу была не меншай, а то і большай, чым ў азіяцкай.

Сапраўды, найбольшая колькасць людзей, якія памерлі ад голаду ў СССР у 1930–1933 гадах, прыходзіцца на Украіну, але людзі гінулі і ў Паволжы, і на Паўночным Каўказе, і ў Паўднёвай Сібіры, і ў Казахстане. Казахскі галадамор, пра які ў свеце ведаюць значна меней, чым пра ўкраінскі, забраў жыцці больш чым мільёна казахаў.

Увогуле, настойлівы акцэнт спадара Снайдэра на геаграфічным аспекце масавых забойстваў, вызывае пытанне: чаму ён лічыць толькі забітых еўрапейцаў? А што, азіятаў, якіх сталінскі і гітлераўскі рэжымы забілі (як на тэрыторыі Усходняй Еўропы, так у іншых месцах) лічыць ня трэба?

Бессэнсоўнасць празмернай ўвагі да геаграфіі добра бачная на прыкладзе Аўшвіца (Асвенцыма) — горада, каля якога дзейнічала найбуйнейшая ў Еўропе нацысцкая «фабрыка смерці». Гэты сілезскі горад увайшоў у склад Трэцяга Рэйха ў кастрычніку 1939 года, пасля ўключэння шэрагу абласцей Польшчы ў склад нацысцкай Германіі. Сёння, як і ў міжваенны перыяд, Асвенцым знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы, а з канца XVIII cтагоддзя і да Першай сусветнай вайны ўваходзіў у склад Аўстра-Венгерскай імперыі. Снайдэр піша, што «акцэнт на Аўшвіцы… перасоўвае эпіцэнтр забойстваў у Трэці Рэйх». Дык можа і расповед пра гарадзенскіх яўрэяў, якія напярэдадні забойстваў пражывалі, з фармальнага пункта гледжання, на тэрыторыі Трэцяга рэйха (Гродна было ўключана ў акругу Беласток), а былі забітыя на тэрыторыі тагачаснага «Генерал-губернатарства», перасоўвае «эпіцэнтр забойстваў» у Германію?

Пудзіла няісных нацысцкіх планаў

Снайдэр слушна адзначае, што шмат якія злачынствы нацыстаў і камуністаў «амаль не згадваюцца за межамі краін, якіх гэта непасрэдна датычылася». Сапраўды, у гады Другой сусветнай вайны цывільнае насельніцтва Усходняй Еўропы пацярпела найбольш, і попел ахвяраў павінен грукаць не толькі ў сэрцы нашчадкаў ахвяр — аб іх павінен памятаць увесь свет. Але чаму напамін пра гэта змяшаны з абсурднымі канцэпцыямі і некарэктнымі абагульненнямі? Няужо проста сам факт забойства соцень тысяч і мільёнаў людзей не выглядае для спадара Снайдэра заслугоўваючым увагі і памяці?

Згодна са Снайдэрам, план каланізацыі заходняй часткі Савецкага Саюза, так званы Генеральны план «Ост», прадугледжваў знішчэнне калі 50 мільёнаў чалавек. Аднак нагадаем, што гэты план не знойдзены і да сёння. Няма ніякіх сведчанняў таго, што ён быў зацвержданы кіраўніцтвам Трэцяга Рэйха. Яго «рэканструкцыя» грунтуецца на дакументах другарадных нацысцкіх чыноўнікаў, якія каментавалі праект плана ці распрацоўвалі асобныя яго аспекты.

І калі ўжо трэба пазбаўляцца ад памылак, дык давайце паглядзім, што чакала беларусаў у выпадку зацверджання плана і перамогі Германіі над СССР (пасля якой яго рэалізацыя толькі і магла быць распачатая): «згодна з планам, прадугледжваецца высяленне 75 адсоткаў беларускага насельніцтва з тэрыторыі, якую яно займае. Гэта значыць, што 25 адсоткаў, згодна з планам галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі, падлягаюць анямечванню… Наступнае пытаньне — гэта пытанне аб месцы для перасялення беларусаў, непрыдатных ў расавых адносінах для анямечвання. Згодна з Генеральным планам, яны таксама павінны быць пераселеныя ў Заходнюю Сібір» (вытрымка з каментароў нейкага Ветцэля, начальніка аддзела каланізацыі першага галоўнага палітычнага ўпраўлення Усходняга міністэрства, датаваных красавіком 1942 года; гэтыя каментары — адзінае дакументальнае пацверджанне існавання плана «Ост"на Нюрнбергскім працэсе; у далейшым былі знойдзены іншыя дакументы падобнага кшталту).

Дарэчы, анямечванне паводле Ветцэля прадугледжавала абыходжанне з пазасталымі на тэрыторыі Беларусі 25 адсоткамі беларусаў «як з немцамі, і з прычыны адсутнасці ў іх нацыянальных пачуццяў яны ў хуткім часе, па крайняй меры, у бліжэйшым пакаленні, маглі б стаць цалкам анямечанымі».

Ну, а калі казаць пра расчыстку тэрыторыі Беларусі ад насельніцтва пад нейкія эканамічныя праекты, то ў галаву прыходзіць толькі адна з’ява, якая хоць нейкім бокам падпадае пад гэтае апісанне. У даваенны час Беларусь і Украіна лічыліся аграрна перанаселенымі рэспублікамі, і савецкія ўлады планава перасялялі беларускіх і ўкраінскіх сялян на ўсход. Якія, дарэчы, дужа перасяляцца не хацелі. Напярэдадні вайны шмат хто з іх вяртаўся дамоў. Каб спыніць гэты працэс, у 1941 годзе беларускае кіраўніцтва нават прапаноўвала ўвесці крымінальную адказнасць за вяртанне дамоў з месцаў перасялення. Ці не былі гэтыя перасяленні «ўступам» да плана «Ост»?

Што да «Плана голаду», згодна з якім, паводле Снайдэра, нацысты збіраліся вывезці ежу з Украіны і Паўднёвай Расіі, з-за чаго «ў Беларусі і паўночнай Расіі павінны былі б памерці з голаду каля 30 мільёнаў чалавек», тут таксама патрэбнае ўдакладненне. Як і ў выпадку з планам «Ост», ніякага «Плану голаду» не знойдзена і дасюль, таму пад апошнім разумеецца намер, які рэканструююць на аснове матэрыялаў нарады па гаспадарчых аспектах рэалізацыі плана «Барбароса» (вось гэты план якраз існаваў!) і іншых ускосных звестак. У якасці апошніх шырока выкарыстоўваюцца словы Герынга, які быццам бы пісаў наступнае (ліст да міністра замежных справаў Італіі Чыяна ў лістападзе 1941 года): «У гэтым годзе ў Расіі ад голаду памрэ ад 20 да 30 мільёнаў чалавек. Можа, нават і добра, што так будзе, таму што некаторыя народы трэба скарачаць». Пра 20–30 мільёнаў «лішніх» чалавек казаў і стас-сакратар Баке ў траўні 1941 года. Ні Баке, ні Герынг нічога не казалі пра Беларусь — яны разважалі пра Расію ў цэлым (разумеючы пад ёю Савецкі Саюз). Выглядае, што доктар Снайдэр творча спалучыў няспраўджаныя, але сапраўды жахлівыя прагнозы нацысцкіх бонзаў з уласнай ацэнкай здольнасці беларускага сялянства забяспечваць Беларусь ежай.

Сапраўды, нацысты жорстка абмяжоўвалі рацыёны вязней гета, канцлагераў і лагераў ваеннапалонных, што стала адной з прычынаў высокай смяротнасці ў гэтых месцах. Сапраўды, на акупаваных тэрыторыях нямецкія акупанты рэквізоўвалі вялікую колькасць прадуктаў харчавання для патрэбаў вермахту і цывільнага насельніцтва Германіі.

Дарэчы, таварыш Сталін рабіў тое ж самае. Розніца была толькі ў адным: калі Гітлер змяншаў рацыёны «ворагаў Рэйху» і адбіраў прадукты ў людзей на акупаваных тэрыторыях, то Сталін абразаў пайкі сваім суайчыннікам у ГУЛАГу, а на вызваленыя савецкія тэрыторыі (перад гэтым абрабаваныя немцамі) накладваў новыя прадуктовыя кантрыбуцыі. Напрыклад, 1 студзеня 1944 года ён разам з Малянковым падпісаў пастанову СНК СССР и ЦК ВКП (б), якая абавязвала СНК БССР и ЦК КП (б)Б «у раёнах, вызваленых у перыяд да 15 снежня 1943 г. ад нямецкіх захопнікаў, нарыхтаваць з ураджая 1943 года ў парадку абавязковых паставак 1200 тысяч пудов зерня и 60 тысяч тон бульбы». Пастанова таксама напамінала, што «сваечасовасць забеспячэння працоўных і служачых ў раёнах Беларусі, вызваленых ад нямецкіх акупантаў, будзе цалкам залежыць ад выканання Беларускай ССР устаноўленага дзяржаўнага плана нарыхтовак сяльгаспрадуктаў».

Пра дакладнасць

Снайдэр піша, што гісторыкі мусяць праліць святло на цені забітых нацыстамі і саветамі людзей і палічыць іх, таму што гэта яшчэ не зроблена. Ён лічыць, што «трэба пазбавіцца памылак у падліках». Што ж, tu quoque!

Снайдэр: «пад маркай антыпартызанскіх акцый немцы забілі… калі 350 тысяч толькі ў Беларусі». Цікава было б даведацца, з якой крыніцы ён узяў гэтую лічбу. Найбольш вычарпальнае на сённяшні час абагульненне дадзеных аб ахвярах антыпартызанскіх акцый у Беларусі («Нацистская политика геноцида и „выжженой земли“ в Белоруссии (1941–1944)», Мн., 1984), паказала, што разам з 5 295 беларускімі вёскамі, поўнасцю ці часткова знішчаных акупантамі загінулі каля 150 000 іх жыхароў. Зразумела, што ахвярамі карных акцыяў былі не толькі вясковыя жыхары, але няма сумневу, што яны складалі абсалютную большасць забітых. 350 000 забітых — нерэальная лічба.

Снайдэр піша, што ў блакаваным Ленінградзе ад голаду памерла каля аднаго мільёна чалавек. Крыніца гэтых дадзеных не пазначана, але, падобна, гэта заходнія працы трыццаці-саракагадовай даўніны, якія рэтранслявалі прыблізныя савецкія ацэнкі таго часу. Найбольш усебаковае і грунтоўнае даследаванне праблемы («Жизнь и смерть в блокированном Ленинграде. Историко-медицинский аспект», СПб., 2001) дае лічбу ў прыкладна 650 000 памерлых ленінградцаў.

Здаецца, любоў да мастацкага слова часам перамагае ў спадару Снайдэру элементарнае пачуцце суразмернасці: «Аўшвіц был толькі ўступам да Халакосту, Халакост — толькі намёкам на канчатковыя намеры Гітлера». Месца, у якім бязвінных людзей забівалі ўвесь час, пакуль ішоў Халакост, месца, дзе, як лічыцца, загінула найбольшая ў параўнанні з іншымі месцамі колькасць ахвяр Халакосту, канцлагер, дзень вызвалення якога адзначаецца як Міжнародны дзень памяці ахвяраў Халакосту — гэта толькі ўступ да Халакосту? А, бадай, самы масавы генацыд ў сусветнай гісторыі — толькі намёк на нейкія «канчатковыя намеры»?

І апошняе. На тым жа развароце «Нашай Нівы» быў размешчаны артыкул Якуба Лапаткі «Правінцыйная бацыла» — пра, як казалі ў сталінскія часы, нашае «низкопоклонство перед Западом» ў галіне літаратуры. Дык вось, перадрук артыкулаў кшталту снадэраўскага і ёсьць праявай хваробы, якую прычыняе правінцыйная бацыла. Сам факт звароту да нашай гісторыі амерыканскага доктара гістарычных навук, які выкладае ў Ельскім (!) універсітэце, не павінен выклікаць спагадлівасць да яго сумнеўных выкладак і ацэнак.

Патрэба ў гістарычнай праўдзе — важнейшая за бязглуздую паліткарэктнасць. Таму што апошняя ў рэшце даводзіць да кампліментаў аднаму аўтарытарнаму дзеячу, які «ў нейкім сэнсе памятае гісторыю лепш за сваіх крытыкаў». Таму самаму дзеячу, які ўжо колькі гадоў абяцае ўшанаваць належным чынам памяць дзясяткаў тысяч еўрапейскіх і савецкіх яўрэяў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, расстраляных немцамі ва ўрочышчы Благаўшчына, што ў адным кіламетры ад вёскі Вялікі Трасцянец. На тым самым месцы, дзе з савецкага часу і па сённяшні дзень месціцца вялізарны сметнік…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?