На саміце краінаў – удзельніц руху недалучэньня ў Гаване Аляксандар Лукашэнка быў адзіным кіраўніком, які прадстаўляў эўрапейскі кантынэнт. Таму было цалкам лягічна чакаць ад яго новага і радыкальнага ў заявах. Але прэзыдэнт выступіў досыць стрымана і шматслоўна. Ён нават адзначыў вераемнасьць магчымага дыялёгу Беларусі з ЗША, калі тыя ня будуць ціснуць на нашу краіну. Таксама прагучаў цэлы шэраг звычайных для такіх мерапрыемстваў заяваў пра тое, што Рух недалучэньня мусіць стаць сапраўднай сілай, якая б магла супрацьставіць сябе аднапалярнаму сьвету паводле Амэрыкі.

Лукашэнка казаў пра большую колькасьць кантактаў між краінамі руху, чарговы раз параўнаў Беларусь з Кубай і выказаў думку, што праблемы адносінаў Беларусі з Захадам зьвязаныя празь цесны кантакт краіны з Расеяй.

Па вяртаньні дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы паведамілі, што цягам году кіраўніка Беларусі яшчэ чакаюць візыты ў Маляйзію, ПАР, Іран, Вэнэсуэлу, Віетнам і Балівію. Карацей кажучы, па звыклым прэзыдэнцкім маршруце.

Гэтымі днямі ў Фінляндыі зь візытам знаходзіцца лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч. Учора ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам краіны Маты Ванханэнам. На сустрэчы быў абмеркаваны шараговы сьпіс пытаньняў, якія Мілінкевіч абмяркоўвае пастаянна з замежнікамі: візавыя забароны дзяржчыноўнікам, дапамога грамадзкай супольнасьці і прэсе, а таксама становішча з палітвязьнямі. Фінляндзкі бок паабяцаў усемагчымую дапамогу беларускаму дэмакратычнаму руху.

Нагадаем, што гэта ня першы ўжо такі прыём на самым высокім узроўні для Аляксандра Мілінкевіча. Сёлета ў красавіку яго прымалі канцлеры Нямеччыны і Аўстрыі Ангела Мэркель і Вольфганг Шусель адпаведна, а таксама прэм’ер-міністар Нарвэгіі. Нярэдкія прыёмы Мілінкевіча і ў эўразьвязаўскіх колах.

Цяжка сказаць, ці дадуць гэтыя замежныя візыты двух Аляксандраў нейкі плён для краіны.

Хаўрусьнікі прэзыдэнта знаходзяцца надта далёка ад Беларусі, таму гаварыць пра нейкае сапраўды значнае эканамічнае супрацоўніцтва з Маляйзіяй ці ПАР не выпадае. Як можа і ці можа ўвогуле дапамагчы беларускай апазыцыі Фінляндыя таксама незразумела.

Ясна толькі адно, што візыты кшталту Лукашэнкаўскага на Кубу, ці Мілінкевіцкага ў Фінляндыю выклікаюць у паспалітых беларусаў адно горкую іронію. Маўляў, нічога новага яны нам ня скажуць. Сапраўдным цудам у нашых умовах глядзеўся б візыт Лукашэнкі ў Галяндыю, а Мілінкевіча – у Балівію. Аднак такая магчымасьць пакуль што адназначна выключана. Вось і даводзіцца ім матляцца сваімі звычайнымі маршрутамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?