У Ошы і Джалал-Абадзе распачалася этнічная чыстка узбекаў. Сотні ахвяраў.

Сілы, верныя Часоваму ўраду, аказаліся няздольнымі спыніць сутычкі кіргізаў і узбекаў у Ошы, Кара-Су і Джалал-Абадзе. У выніку крывавых пагромаў дзесяткі, а паводле некаторых звестак сотні чалавек загінулі, тысячы пацярпелі.

Адказваючы на просьбу узбекскай грамады, Кіргізія адкрыла мяжу з Узбекістанам. Паводле звестак Ташкента, яе перайшлі каля 75 тысяч уцекачоў.

Спаленыя узбекскі і кіргізскі тэатры ў Ошы. У горадзе замкнёныя крамы, спынілася жыццё. Горад доўгі час кантралявалі ўзброеныя банды кіргізскай моладзі. Асобныя раёны на ўсходзе горада застаюцца пад кантролем аддзелаў узбекскай моладзі. Толькі ў нядзелю рэгулярныя войскі ўзялі пад кантроль ключавыя аб'екты горада, напрыклад, пякарні.

У нядзелю ж этнічныя сутычкі перакінуліся з Оша на другі горад поўдня Кіргізіі — Джалал-Абад.
Як перадаюць інфармацыйныя агенцтвы, ад трох да пяці тысяч чалавек там натоўпам вандруюць па горадзе, плюндруючы хаты ўзбекаў і забіваючы на сваім шляху. Яны ўварваліся ў частку Ўнутраных войскаў і захапілі там БТР. Са словаў відавочцаў, натоўп арганізаваў адзін з пляменнікаў экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева Санжар. Менавіта ён узброіў юнакоў.

Мясцовых узбекаў былі вінавацілі ў спаленні родавае хаты Бакіевых пасля бегства апошняга з краіны.

Сам Курманбек Бакіеў знайшоў прытулак у Беларусі. У інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс» ён станаўко адмовіў сваю датычнасць да беспарадкаў.

Са словаў прадстаўнікоў Часовага ўрада, лік ахвяраў на подні Кіргізіі пайшоў на сотні. Міліцыя і армія не праяўляюць волі, каб спыніць разню.

Не даючы рады сітуацыі, часовы прэзідэнт краіны Роза Атунбаева ў суботу звярнулася па вайсковую дапамогу да Расіі.
Яна правяла тэлефонныя перамовы з кіраўнікамі РФ. Аднак войскаў не дачакалася.
Прэс-сакратарка прэзідэнта Расіі выключыла магчымасць імгненнага ўмяшання.
Пакуль няясны механізм легітымацыі вайсковай прысутнасці. Тое можа адбыцца або пра Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы, у якую ўваходзяць краіны СНД, у тым ліку і Беларусь, або праз Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва, у якую ўваходзяць Расія, Кітай і іншыя краіны Еўразіі.

У выніку эскалацыі падзеяў, якія распачаліся з Рэвалюцыі цюльпанаў і перараслі праз пяць гадоў у скіданне Бакіева, расійская вайсковая прысутнасць у рэгіёне можа стаць дамінуючай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?