Асуджаны па справе «ваўкавыскіх прадпрымальнікаў» Уладзімір Асіпенка пераведзены з мінскага следчага ізалятара ў Івацэвіцкую папраўчую калонію (Брэсцкая вобласць) для адбывання пакарання.

Пра гэта паведаміў юрыст і праваабаронца Алег Волчак.

Паводле наяўнай інфармацыі, асуджанага адправілі ў калонію яшчэ 5 чэрвеня, аднак сваякам пра гэта стала вядома толькі цяпер.

Туды ж, у Івацэвічы, павінен быць пераведзены яшчэ адзін асуджаны па гэтай крымінальнай справе — ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Пакуль ён знаходзіцца ў мінскім СІЗА, бо настойліва дамагаецца аказання яму медыцынскай дапамогі.

Паводле слоў Волчака, у Аўтуховіча «вельмі сур'ёзная праблема з зубамі, ён мае патрэбу ў тэрміновым пратэзаванні».

«Гэтыя праблемы пачаліся яшчэ падчас першай адседкі Аўтуховіча (ён быў асуджаны ў ліпені 2006 года і выйшаў на волю ў студзені 2008-га. — БелаПАН.). Ужо тады Аўтуховіч пачаў рыхтавацца да пратэзавання, але ў лютым 2009 года яго зноў затрымалі, — сказаў Волчак. — Цяпер становішча ў яго сапраўды крытычнае, ён даўно просіць кіраўніцтва СІЗА аказаць яму медыцынскую дапамогу, але рэакцыі пакуль ніякай, просьбы Аўтуховіча ходзяць па крузе, ад аднаго чыноўніка да другога. Мы, абарона, гатовы самастойна знайсці ўрача-пратэзіста, прывезці яго ў СІЗА, аплаціць усе расходы, але нам не даюць такой магчымасці».

Паводле слоў Волчака,

Аўтуховіч ужо папярэдзіў адміністрацыю ізалятара пра гатоўнасць аб'явіць галадоўку, калі яму не акажуць належнай медыцынскай дапамогі.

Праваабаронцы лічаць асуджаных па справе «ваўкавыскіх прадпрымальнікаў» палітвязнямі і ўказваюць на сур'ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас судовага працэсу.

Паводле меркавання праваабаронцаў, на Уладзіміра Асіпенку можа быць распаўсюджаны закон аб амністыі, прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні 4 чэрвеня, але пакуль не ўхвалены Саветам Рэспублікі і не падпісаны прэзідэнтам.

Мікалай Аўтуховіч, адзначаюць юрысты, пад амністыю наўрад ці пападзе, бо злачынствы, у якіх ён абвінавачаны, былі нібы здзейсненыя ў той перыяд, калі фармальна ён не адбыў пакаранне за першае злачынства.

Нагадаем, 6 мая Вярхоўны суд Беларусі прыгаварыў Аўтуховіча да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму, Асіпенку — да трох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі, Асіпенка — у захоўванні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?