Пра бялковую ці садавінавую дыету вы, вядома, чулі, а што наконт сэкс-дыеты?

Першыя асацыяцыі, звязаныя са словам «дыета», — негатыўныя: змены ладу жыцця, шматлікія абмежаванні, цяжкія абавязальніцтвы перад самім сабою, гаротны перыяд жыцця. Дык чаму не спалучыць прыемнае з карысным?

1. Сэкс — гэта фізічны чын.
Фізічныя практыкаванні забяспечваюць нам здаровае жыццё, мы ведаем гэта. Але мы заўсёды знаходзім адчэпку, каб унікнуць зарадкі. У нас няма часу, у нас няма змогі, нам гэта не ў кайф і г.д. Нашая прапанова — займіцеся сэксам. Для абдымкаў таксама патрэбная энергія. І яна нашым арганізмам выдаткуецца: падчас імпэтнага сэксу можна спаліць ажно 200 калорыяў.

Цыклічнасць любошчаў таксама мае значэнне — любошчы фактычна ператвараюцца ў заняткі аэробікай (т.б. з удзелам кіслароду). Але ёсць адно «але»: ГЭТЫМ трэба бавіцца не менш за 3 разы на тыдзень, інакш не будзе належнага эфекту.

Нямецкія навукоўцы з Цэнтра здаровага ладу жыцця ў Рэйдэльбергу зрабілі выснову, што самая энергавыдаткоўная поза — стоячы. Гэтак спальваецца максімальная колькасць калорыяў: актыўней працуюць сцёгны і ягадзіцы. За два тыдні «трэніровак» пары, што бралі ўдзел у эксперыменце нямецкіх навукоўцаў, схуднелі на тры-пяць кілаграмаў кожны. Як заўсёды: нязручна, але карысна.

Акрамя гэтага, любошчы павышаюць цягавітасць сэрца і нават могуць зменшыць рызыку сардэчных захворванняў. Сувязь паміж любошчамі і даўгалеццем даследавалася шматкроць: даўно даведзеная наўпроставая сувязь паміж колькасцю аргазмаў і колькасцю пражытых гадоў. Але мы крыху адышлі ад нашай тэмы…

2. Сэкс можа наладзіць ваша правільнае харчаванне.
Сёння вечарам вы настроены пачуццёва, хочацца дотыкаў, пешчаў… Самы час аднавіць з мінулага досведу, што сэкс на надзіманы поўны страўнік — невялікае што. Таму замест шкоднага не толькі для вашага полавага жыцця, але і для фігуры вечаровага дэсерту — гайда ў ложак.
3. Жаданне сэксу можа дапамагчы даць рады атлусценню.
Каб вы ведалі: атлусценне можа спрычыніцца да сухасці ў похве, страты здольнасці сягнуць полавага аргазму, а таксама да боляў і запаленняў у мачавых каналах. Гэта ў жанчын. У мужчын жа збыткоўныя кілаграмы сяды-тады прыводзяць да страты эрэкцыі. Атлусценне прымяншае жаданне менавіта займацца сэксам. Таму варта вызначыцца: жадаеце якасных любошчаў — старайцеся не тлусцець.

Дарэчы, нервовыя цэнтры ежы і полавага поцягу знаходзяцца ў тым самым месцы ў мозгу. Патрэба ў ежы і патрэба ў фізічным кантакце настолькі блізкія, што часам мы іх блытаем. Прыгадайце, колькі разоў вы казалі ў пасцелі: «Мне хочацца цябе з’есці», «Саладзенькі ты мой». І колькі разоў мы адчувалі, беручы якісьці ласунак, што ежа — неблагая замена любошчам. Вось жа, незадаволенасць сэксам часта прыводзіць да пераядання. Адпаведна, калі сэксуальнае жыццё вядзецца спраўным шляхам, патрэба ў перакусе дзеля падвышэння настрою знікае.

4. Сэкс балансуе вашу патрэбу ў лёгкіх перакусонах.
Заняцца сэксам — гэта як паесці шакаладу, бо падвышаецца ўзровень сератаніну ў крыві. Акрамя спалення калорыяў адным прысядам сэкс збалансуе вашу патрэбу ў ласунках і вугляводах. Дык кахаймася!
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?