Беларускія палітыкі камэнтуюць заяву Аляксандра Казуліна, у якой той заклікае тэрмінова правесьці чарговы Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Пятро Краўчанка, экс-мiнiстар замежных справаў Беларусi:

Добрая ідэя – задзейнічаць у палітыцы эміграцыю, прадстаўнікоў Вярхоўнага савету ХІІІ–га скліканьня, дый афіцыйныя структуры. Трэба выходзіць па-за рамкі партыйнасьці. Тым больш, што такія думкі знаходзяць на сёньня падтрымку і за мяжой, і сярод менскіх інтэлектуалаў.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамядзянскай партыі:

Наша пазыцыя па гэтых пытаньнях вядомая -- мы выступалі за правядзеньне чарговага Кангрэсу дэмакратычных сілаў адразу па выбарах, бо менавіта тады ён быў актуальным. Склікаць КДС тэрмінова немагчыма. Цяпер актуальная тэма мясцовых выбараў, якія даюць магчымасьць наўпроставага кантакту з людзьмі. Падчас гэтай кампаніі можна сфармаваць склад удзельнікаў будучага Кангрэсу, які будзе больш прадстаўнічым за апошні, што адбыўся 1 кастрычніка мінулага году. Што да іншых пытаньняў (Грамадзкі трыбунал ды інш.), то яны ў той ці іншай ступені агучваліся раней.

Мікола Статкевіч, лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада):

Чарговы Кангрэс дэмакратычных сілаў можа быць скліканы толькі ў выключных выпадках (пагроза страты сувэрэнітэту), альбо напярэдадні буйных палітычных кампаніяў (парлямэнцкія выбары 2008 г.). Людзі чакаюць ад нас барацьбы з рэжымам, мы ж распачынаем барацьбу сярод сваіх. Новы Кангрэс ня дасьць нам асобы роўнай Мілінкевічу, яго не заменяць ні Лябедзька, ні Калякін, ні Статкевіч, таму трэба даць яму працаваць. Тым больш, што на Кангрэсе, дзе яго абралі адзіным кандыдатам ад аб’яднанай апазыцыі, былі і былыя дэпутаты Вярхоўнага савету, і эмігранты.

Аляксандар Мілінкевіч, лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў:

Я ня супраць правядзеньня Кангрэсу. Але толькі ў тым выпадку, калі яго правядзеньне не падменіць сабой працу з людзьмі і не прывядзе да канчатковага расколу кааліцыі. Нельга растрачваць здабыты цягам апошняга часу аўтарытэт, ён і так падае ў вачох людзей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?