Дэлегацыя дзелавых колаў Германіі наведае Мінск 20–22 чэрвеня, паведамілі БелаПАН у сталічным аддзяленні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

У складзе дэлегацыі — прадстаўнікі Федэральнага міністэрства эканомікі і тэхналогіі, Цэнтра дзелавога супрацоўніцтва з краінамі Усходняй Еўропы, федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц, а таксама кіраўнікі дзевяці нямецкіх прадпрыемстваў з зямель Рэйнланд-Пфальц і Саар. Гэтыя прадпрыемствы працуюць у розных галінах прамысловасці. Гэта, у прыватнасці, вытворчасць прамысловага абсталявання, зварачных матэрыялаў, самаклейных прадуктаў, рэзервуараў для захоўвання хімічна актыўных рэчываў і нафтапрадуктаў, фільтравальных установак і сепаратараў для ачысткі вады, ювелірных упрыгажэнняў, грузаперавозкі і інш.

Узначаліць дэлегацыю генеральны дырэктар COMMIT Project Partners GmbH (Берлін) Герыт Шмітэр.

Мэта візіту — правядзенне дзелавых перамоў паміж прадстаўнікамі германскага і беларускага бізнесу, зацікаўленымі ў інвеставанні, рэалізацыі сумесных праектаў, развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Кантактна-кааперацыйная біржа з удзелам прадстаўнікоў нямецкіх і беларускіх прадпрыемстваў адбудзецца ў Мінскім аддзяленні БелГПП 21 чэрвеня.

Нямецкая кампанія COMMIT (Таварыства па міжнародным эканамічным і навуковым супрацоўніцтве зямлі Бадэн-Вюртэмберг) з’яўляецца адной з пяці арганізацыі — партнёраў Мінскага аддзялення БелГПП у Германіі. Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж імі падпісана ў снежні 2009 года.

Арганізатары эканамічнай місіі з нямецкага боку адзначаюць, што Беларусь «па-ранейшаму не ўспрымаецца нямецкімі кампаніямі як сур’ёзны знешнегандлёвы партнёр і знаходзіцца ў цені ў параўнанні са сваім усходнім суседам». У рэальнасці краіна «сур’ёзна зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з Заходняй Еўропай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?