Сёлета ў вёсцы Бабынічы на Полаччыне памёр паэт Браніслаў Пяткевіч. Нарадзіўся у 1918-м у Любчы на Барысаўшчыне. Давучыцца ў Віцебскім вэтэрынарным тэхнікуме не пасьпеў: у крывавым 1937 г. быў арыштаваны і асуджаны на 10 год «як польскі шпіён». Прайшоў усе кругі гулагаўскага пекла. Пры канцы тэрміну, працуючы ў лягеры мэдработнікам, выратаваў жыцьцё паэту Сяргею Новіку-Пеюну, які за беларускую дзейнасьць сядзеў і пры немцах, і пры паляках, і пры саветах. Знаёмства двух вязьняў перарасло ў сяброўства, што доўжылася некалькі дзесяцігодзьдзяў. Урывак з успамінаў Браніслава Пяткевіча аб Новіку-Пеюну падрыхтаваў да друку Алесь Аркуш.

БРАНІСЛАЎ ПЯТКЕВІЧ

Новік-Пяюн на Калыме

(урывак з будучай кнігі

"Наш дваццаты век")

Восеньню 1946 года, у лістападзе, у амбуляторыі сустрэліся мы…

Перада мной стаяў звычайны зьняволены, такіх я набачыўся досыць. Апрануты ён быў па-летняму, але гэта былі не лахманы, а чыстая лягерная абмундзіроўка. Шапка-аблавушка, яшчэ нядрэнная. Ён яе зьняў з галавы ды камячыў у руках.

— Добры дзень, — ціхенька сказаў ён.

Я адказаў на яго прывітаньне запрашэньнем сесьці на тапчан. Ён не сядаў. Таптаўся на месцы.

— Што баліць?

— Усё баліць, доктар, асабліва сэрца сьціскае, не магу дыхаць…

— Пухліна на нагах бывае? Ацёкі…

— Бываюць ацёкі. — і ледзь чутна дадаў: — Я вельмі слабы, не магу нават хадзіць, не хапае паветра…

— Распранайцеся! Паслухаю сэрца. — Я ўзяў са стала фанэндаскоп і накіраваўся да яго. Ён зьняў зь сябе фуфайку, палажыў яе на край тапчана, потым сьцягнуў зь сябе верхнюю і ніжнюю кашулі. Ён быў вельмі схуднелы. Косткі яго цела выпіралі тонкую скуру ва ўсіх яго частках. З далейшых маіх роспытаў мне стала вядома, што гэты жывы шкілет — мой зямляк. Я зарэгістраваў: Новік Сяргей Міхайлавіч, 1906 году нараджэньня, артыкул 58-1а, дзесяць год. Я падумаў, што шчодрасьць нашага «вусатага» вялікая, не шкадуе нікому, адвальвае і адвальвае пад завязку. Ацёкаў у Сяргея на целе не было. Твар — палатно, ні крывінкі. Праз свой фанэндаскоп я зь вялікай цяжкасьцю ўлаўліваў сваімі вушамі «жыцьцё сэрца» свайго пацыента. Яно, як слабенькае птушаня, недзе ледзь ціўкала ў хілых грудзях гэтага шкілета.

— Можаце адзецца, — сказаў я. — На работу вам пакуль што не хадзіць! — Даў каманду санітару адвесьці Сяргея ў барак слабасілкі.

Этап, зь якім прыбыў сюды Новік, доўжыўся больш як паўгоду. Чыгунка, параход, аўтамашыны, пехата. Трэба мець вялікае шчасьце жывому дабрацца да нашага лягеру праз розныя лябірынты пякельнай дарогі. Ня кожнаму выпадае такое. Шмат і вельмі шмат белых чалавечых костачак засталося на гэтай дарозе сьмерці. Магчыма, археолягі будучыні разам з касьцямі маманта ў вечнай мерзлаце Калымы ці Індыгіркі знойдуць і гэтыя костачкі нашых сучасьнікаў ды напішуць навуковыя працы пра іх.

Празь некаторы час я больш зблізіўся зь Сяргеем. Мне стала вядома, што ён — паэт, культурны дзеяч Заходняй Беларусі; трохі малюе, мае каліграфічны почырк. Прасьледаваўся за сваю беларускую дзейнасьць у панскай Польшчы. Не ўзьлюбілі яго і нямецкія фашысты ды хацелі зьнішчыць, але нашы партызаны вызвалілі з-пад расстрэлу. А цяпер гэты чалавек вось тут, у стане ворагаў новай савецкай улады. Выходзіць, Новік не прызнае ні нямецкай, ні савецкай! Што за чалавек? Што яму трэба?

Аказваецца, яму трэба справяд-лівасьць, сапраўдная справядлівасьць, якой яшчэ ён не сустракаў у гэтым сьвеце.

Мы ж жылі ў той час у акружэньні недавер’я і зайздрасьці, калі можна было купіць і прадаць некаторыя дробныя душы за адну панюшку табакі; калі мана і абман узводзіліся ў дзяржаўны ранг жыцьця.

Адным словам, ні пілсудчыкам, ні гітлераўцам, ні сталінцам Новік-Пяюн не падыходзіў да двара. Таму ён, тройчы выгнаньнік, і апынуўся тут далёка-далёка ад сваёй Слонімшчыны.

Тады мяне мала цікавіў яго палітычны сьветагляд. Ён быў мой зямляк, беларус. Яму трэба дапамагчы зьберагчы свае костачкі. А калі ён мае нейкае дачыненьне да мастацкага беларускага слова, то мне гэта яшчэ больш пасавала.

[…]

Гэтая мая знаходка тут, на Калыме, Новіка-Пеюна была вялікай для мяне, неацэннай. Мала таго што ён беларус — ён паэт. А калі душы ва ўнісон, то не прыходзіць нават сон. Я даведаўся ад яго пра ягоныя Лявонавічы, пра той хор, які ён стварыў; пра тое, што ён ня толькі стварае вершы, але і музыку для іх напявае.

Але ж тут лягер зьняволеных. Тут не гадуюць паэтаў, а выціскаюць з чалавека ўсе яго жыватворныя сокі. П’юць яго кроў у імя вытворчых плянаў. І калі мой хворы крыху ачомаўся, то над ім навісла пагроза апусканьня ў шахту шукаць золата.

Начальнік лягпункту ўжо неаднойчы мне напамінаў аб гэтым. Я маўкліва выслухоўваў начальніка і маўкліва абдумваў выйсьце з гэтай крытычнай сытуацыі. Як вядома, зь любой сытуацыі ёсьць выйсьце. Няма на сьвеце ніводнага начальніка, якога нельга аб’ягорыць. За зонай лягеру наша бальніца, у якой я раней працаваў, і там цяпер мае сябры-калегі. Я ўзяў і паслаў да іх на кансультацыю Сяргея зь яго агульным захворваньнем сэрца. І яго забралі назаўсёды з нашага лягпункту. Хутка ён стаў там мэдыцынскім статыстам, дзе ня толькі выжыў, але і дачакаўся сваёй волі.

О, калі б ведаў Сталін пра такое наша «злачынства», ён бы, напэўна, ад злосьці памёр бы значна раней.

Героям Калымы

Найлепшаму сябру па катарзе

Сяргею Новіку-Пеюну

«Ад родных ніў, ад роднай хаты»,

Дзе пахнуць вечнасьцю дымы,

Звазілі сталінскія каты

Людзей у пашчу Калымы.

А там пад катаржным цяжарам

Ня кожны быў душою раб

І не даваў загаснуць марам,

Каб захаваць надзеі скарб.

Душыла цемра падзямельля,

Кайло, лапата, цяжкі лом,

Канвою дзікае вясельле,

Пагарда панская са злом.

Масква плыла у п’яным блудзе,

Дзе зграя тлумная пачвар

Сваё тварыла правасудзьдзе

Бяз кроплі жалю для ахвяр.

І хто стрымаў свае устоі,

У гэтай немачы густой,

Сапраўды выйшаў у героі

З душой багатай, не чужой.

Пра іх дабром я адзавуся,

Бо іхны быў і мой цяжар,

Калі мы з глебы Беларусі

Празь пекла несьлі песень дар.

2 сакавіка 1992 г.,

в.Бабынічы Полацкага раёну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0