Пакуль у справе 10-гадовай Вікі Мароз, выхаванкі Вялейскага дому-інтэрнату няма новых зьвестак. Пра гэта карэспандэнту «НН» заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў.

«Мы прадпрымаем усе захады, каб вярнуць дзяўчынку на радзіму. У прыватнасьці, быў дасланы ў Інтэрпол запыт ад Міністэрства юстыцыі, робяцца іншыя крокі». У Міністэрстве замежных спраў спадзяюцца, што італьянскі бок зробіць усё магчымае, каб вярнуць 10-гадовую Віку ў Беларусь.

Пытаньне пра Віку Мароз было ўзьнятае ў чацьвер на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў. Журналістаў, сярод іншага, цікавіла, ці здаворая дзяўчынка, і чаму італьянская прэса называе яе Машай (апошняе пытаньне ІТАР-ТАСС), у такім выпадку ці не вядзецца гаворка пра дзьвюх розных дзяўчынак?

«Гаворка вядзецца пра адну і тую дзяўчынку, – зазначыў на брыфінгу А. Папоў. - Рэч у тым, што пры асьвятленьні судовага працэсу ў італьянскіх СМІ з этычных меркаваньняў было прынята рашэньне называць дзяўчынку пад псэўданімам, а не пад ейным сапраўдны імем».

На жаль, няма 100-працэнтнай упэўненасьці, што дзяўчынка жывая і здаровая, апроч вусных запэўніваньняў італьянскіх уладаў.

Нагадаем, што Віка Мароз знаходзілася ў гарадку Кагалета (вобласьць Лігурыя) на адпачынку. 8 верасьня яна мусіла вярнуцца на радзіму, аднак не зьявілася ў аэрапорце. Высьветлілася, што яе не аддала сям’я Анны Марыі Барначын і Алесандра Гвіста, якія заявілі, што ня вернуць Віку, паколькі ў Вялейскім доме-інтэрнаце над дзяўчынкай чыніўся маральны і фізычны гвалт.

У Вялейцы адкідаюць гэтыя абвінавачаньні. Да пошукаў Вікі Мароз была падключана італьянская паліцыя, на вяртаньні настойвае ўрад гэтай краіны.

Галоўная праблема ў тым, што канфлікт ставіць пад пагрозу аздараўленьне беларускіх дзяцей за мяжой, якіх штогод у той жа Італіі адпачывае некалькі тысячаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?