Для здароўя ці жыццёвага шляху вашых дзяцей — нічога. Але любоў бацькоўская не забываецца. Новыя даследаванні генетыкі паводзінаў.

Чаго бацькі хочуць ад сваіх дзяцей? Хочуць, каб яны былі адбіткам сям’і, дакладней, сваіх уяўленняў пра пазітыўныя рысы: калі ты здаровы, разумны, шчаслівы, адукаваны, багаты, справядлівы і ўдзячны, тое самае можна сказаць пра тваіх бацькоў, братоў, сясцёр і дзяцей.

Вядома, цяжка размежаваць прыроду і выхаванне. Каб гэта зрабіць,

даследчыкі, якія называюцца генетыкамі паводзінаў, вывучалі два тыпы сем’яў: з блізнятамі і прыёмнымі дзецьмі. Калі паміж аднаяйкавымі блізнятамі існуе нашмат мацнейшае падабенства, чым паміж двух’яйкавымі, прычына крыецца ў прыродзе. Калі прыёмныя дзеці дэманструюць падабенства з прыёмнымі бацькамі, справа, відавочна, у выхаванні.

Бацькі імкнуцца на ўсё жыццё прышчапіць дзецям здаровыя звычкі. Але

два найлепшыя даследаванні па генетыцы паводзінаў, якія вывучалі працягласць жыцця, — адно з 6000 дацкімі блізнятамі, якія нарадзіліся паміж 1870 і 1900, другое з 9000 шведскімі блізнятамі, народжанымі паміж 1886 і 1925, — паказалі нулявы эфект выхавання.

Вывучэнне росту, вагі і нават зубоў блізнятаў прыводзіць да такіх высноваў. Гэта не значыць, што дыета, фізічныя практыкаванні і чыстка зубоў ні на што не ўплываюць, што бацькоўскія патрабаванні правільна харчавацца, займацца гімнастыкай і чысціць зубы пасля ежы не змогуць знайсці дарогу да дзіцячага сэрца і розуму.

Бацькі таксама імкнуцца зрабіць са сваіх дзяцей разумных і шчаслівых дарослых, але генетыкі паводзінаў не знаходзяць практычна ніякіх доказаў таго, што іх намаганні даюць эфект.

Вывучэнне сотняў блізнятаў, якія выхоўваліся асобна, паказала, што

аднаяйкавыя блізняты выяўляюць нашмат больш падабенства ў разумовых здольнасцях і эмацыйнасці, чым рознаяйкавыя, але блізняты, што выхоўваліся разам, толькі крыху больш падобныя адно да аднаго, чым тыя, хто выхоўваўся асобна.

Падчас наватарскага даследавання, праведзенага ва Універсітэце Мінесоты,

псіхолаг Дэвід Лікен выявіў, што блізняты, якія выхоўваліся асобна, з пункту гледжання жыццярадаснасці былі больш падобныя адно да аднаго, чым тыя, хто выхоўваўся разам.
Магчыма, гэта проста выпадковасць, але яна наводзіць на думку, што гадаванне разам прымушае людзей дыферэнцыявацца, то бок «калі ён шчасцівы, то я буду незадаволены».

Бацькі выкарыстоўваюць мноства тактык уплыву на сваіх дзяцей падчас іх навучання ў школе і ў аспекце іх будучых дасягненняў. Некаторымі мы захапляемся: чытанне дзецям, дапамога ў выкананні хатніх заданняў, ухвала пасля цяжкой працы. Іншыя нас абураюць: састарэлыя паняткі, кумаўство. Паводле дадзеных даследавання, аднак, гэтыя тактыкі працуюць слаба. Эканаміст Брус Сэйсдоўт даследаваў каля 1200 сем’яў, якія ўсынавілі абяздоленых карэйскіх дзяцей. Сем’і ахоплівалі шырокі дыяпазон, неабходна было толькі, каб іх прыбытак складаў 25% вышэй за ўзровень беднасці. Тым не менш, не было заўважана абсалютна ніякага ўплыву выхавання на далейшыя поспехі прыёмных дзяцей у школе і на працы.

Генетыкі паводзінаў таксама лічаць, што ўплыў выхавання на маральнасць даволі павярхоўны.

Бацькі маюць моцны ўплыў на тое, да якой рэлігіі і палітычнай партыі іх дзеці сябе адносяць, але вельмі малы — на іх дарослыя паводзіны або светапогляд.

Некаторыя, але не ўсе, даследчыкі блізнятаў і прыёмных дзяцей лічаць, што

бацькі не вельмі ўплываюць на курэнне сваіх дзяцей, ужыванне імі алкаголю і наркотыкаў, злачыннасць сярод непаўналетніх, і на тое, калі дочкі (але не сыны) пачынаюць займацца сэксам.

Зрэшты,

найбольш значны плён педагогікі — гэта ўдзячнасць дзяцей. Калі вы ахінеце сваіх дзяцей любоўю і гармоніяй, яны абавязкова запомняць гэта на ўсё жыццё.

Крытыкі часта спрачаюцца з генетыкамі паводзінаў, выкарыстоўваючы аргумент звядзення да абсурду:

«Калі так няважна, як выхоўваць дзяцей, чаму б не замкнуць іх у шафе?»
Справа ў тым, што падчас даследаванняў уплыву бацькоўскіх паводзінаў на блізнятаў і прыёмных дзяцей вывучаюцца тыя тактыкі, якія бацькі часта выкарыстоўваюць. Замыканне дзяцей у шафах, на шчасце, да такіх не адносіцца. Важна таксама памятаць, што большасць даследаванняў канцэнтруецца на доўгатэрміновых выніках. Бацькі часта змяняюць сваіх дзяцей у кароткатэрміновай перспектыве, але па меры росту дзяцей уплыў бацькоў змяншаецца.

Многія лічаць генетыку паводзінаў песімістычнай, але гэта добрая навіна для бацькоў і патэнцыйных бацькоў.

Калі вы думаеце, што будучыня вашых дзяцей у вашых руках, вы, верагодна, зробіце шмат складаных «інвестыцый» — і будзеце адчуваць віну за тое, што не зрабілі больш. Але як толькі вы зразумееце, што будучыня вашых дзяцей шмат у чым залежыць ад іх саміх, вы зможаце адпачыць ад пачуцця віны.

Калі вы любіце чытаць сваім дзецям, выдатна. Але калі вы прапусціце сеанс чытання, то не перашкодзіце развіццю іх інтэлекту, пазбавіўшы іх тым самым шанцаў на каледж ці выракшы на бесперспектыўную працу. Тое ж самае датычыць і іншых альтэрнатываў, якія абцяжарваюць сумленне бацькоў. Глядзець тэлевізар, займацца спортам, есці гародніну ці жыць у спрыяльным асяроддзі? Ваш выбар мала ўплывае на развіццё вашых дзяцей, так што можна расслабіцца. А насамрэч, калі расслабіцца, гэта будзе лепш для ўсёй сям’і. Бо 

прыгнечанне ўласных дзяцей «дзеля іх жа саміх» рэдка прыносіць карысць і можа кепска паўплываць на стаўленне дзяцей да вас.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?