«Я разлічваю перамагчы Лукашэнку, і гэта будзе не праз выбары, бо выбараў у нас няма»,

— заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў 21 чэрвеня ў расійскай сталіцы ў інтэрв’ю радыёстанцыі «Эхо Москвы» і тэлеканалу RTVi.

Саннікаў спадзяецца на перамогу «праз пратэст, праз тое, што людзі запатрабуюць змены ўлады, праз тое, што адбудзецца пад націскам людзей, якія стаміліся ад гэтай улады беспардоннай». «Я зараз шмат езджу па Беларусі,

і мне кажуць, што бязладдзе ўжо надакучыла», — зазначыў ён.

«Тых, хто жадае змяніць Лукашэнку, дастаткова шмат, і тут размова нават не пра кандыдатаў, а пра тое, што ў грамадстве адчуваецца патрэба развівацца неяк, таму што мы зараз нават не ў застоі знаходзімся, а скаціліся вельмі нізка і вельмі глыбока», — заявіў палітык.

«Я хачу, каб сітуацыя ў Беларусі памянялася, каб улада памянялася, — сказаў ён. — Я думаю, што змагу данесці гэты свой імпульс да людзей.

Людзі стаміліся ад гэтай улады. 16 гадоў — занадта шмат».

На думку Саннікава, рух у Еўропу — «адзіны шлях, які забяспечыць нармальнае развіццё». «З гэтай уладай мы нікуды не прасунемся», — мяркуе ён.

«Беларусь будзе заўсёды стратэгічным партнёрам Расіі, Расія заўсёды будзе стратэгічным партнёрам Беларусі, але тым не менш мы павінны быць у Еўропе, — падкрэсліў Саннікаў. — Тут няма ніякай супярэчнасці. Інакш усё гэта будзе працягвацца бясконца: малочныя войны, мясныя, цукерачныя, цукровыя і г.д. Мы павінны мець прадказальныя, нармальныя, празрыстыя адносіны».

«Калі я кажу, што Лукашэнка — прадукт Расіі, гэта сапраўды так, бо, нягледзячы на ўсе яго выкрунтасы, Расія пастаянна яго падтрымлівала. Надышоў момант, калі ўсе выйграюць ад таго, што з’явіцца прадказальнасць у гэтых адносінах.

І я гатовы абмяркоўваць гэтыя пытанні будучыні Беларусі і будучых адносінаў Расіі з кім заўгодна», — сказаў Саннікаў.

Ён выказаў насцярожанасць у дачыненні да Мытнага саюза: «Мне незразумела, што такое Мытны саюз. Я за тое, каб стваралася зона свабоднага гандлю, але я не ведаю, ці не будзе гэта чарговай перашкодай для лібералізацыі гандлю і эканомікі».

Саннікаў таксама заявіў, што Беларусь не павінна ўступаць у НАТО, але неабходна цеснае супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй.

Палітык выказаўся за вяртанне герба «Пагоня» і бел‑чырвона‑белага сцяга ў якасці дзяржаўных сімвалаў і за беларускую мову ў якасці адзінай дзяржаўнай.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што вырас у рускамоўнай сям’і.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?