Аляксандар Лукашэнка нарэшце выйшаў у сьвет. Той, які прынята называць «трэцім». Праўда, слабаразьвітыя краіны, што да яго належаць, называюць сябе «краінамі, якія разьвіваюцца». Гэта ў асноўным краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Сярод іх, зразумела, ёсьць даволі багатыя – такія як Бразілія ці Малайзія, ёсьць краіны зь сярэднім узроўнем даходаў – Балівія, Вэнэсуэла, Нігерыя, а ёсьць зусім бедныя – Куба, Паўночная Карэя. У кампаніі гэтых краінаў чамусьці апынулася Беларусь – добраахвотна. Толькі яна, ды яшчэ экзатычная Мальта прадстаўлялі на форуме недалучаных краінаў у Гаване Эўропу.

Ня ўсе краіны трэцяга сьвету ўваходзяць у Рух недалучаных краінаў. Але ўсе без выключэньня краіны, якія ў яго ўваходзяць, маюць праблемы з эканамічным і сацыяльным разьвіцьцём, а таксама з дэмакратыяй. Ня ўсе краіны прыслалі на канфэрэнцыю кіраўнікоў вышэйшага рангу. Пераважная большасьць высокапастаўленых гасьцей, якія зьехаліся на саміт у сталіцу Кубы, маюць славу дыктатараў, пачынаючы ад кубінскага камандантэ Фідэля Кастра і да прэзыдэнта Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Мбасога.

Паміж імі – яшчэ цэлая пляяда адыёзных асобаў. Напрыклад, прэзыдэнт Ірана Ахмадзініжад, які лічыць, што трэба сьцерці Ізраіль з паверхні Зямлі (чаму б не з дапамогай атамнай зброі?). Альбо сябра Лукашэнкі прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс, якога ненавідзіць, прынамсі, палова насельніцтва гэтай краіны. Не прыехаў на саміт толькі кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ір – але толькі таму, што ён увогуле нікуды не лятае зь меркаваньняў бясьпекі.

Рух недалучэньня ўзьнік на піку халоднай вайны, у пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. У яго ўвайшлі краіны, якія не хацелі далучацца ні да блёку НАТО на Захадзе ні да Варшаўскай дамовы на Ўсходзе. Каля вытокаў руху стаялі такія неардынарныя асобы як прэм’ер-міністр Індыі Джавахарлал Нэру, прэзыдэнт Егіпту Гамаль абдэль Насэр і кіраўнік сацыялістычнай Югаславіі Ёсіп Броз Ціта (што само па сабе было тады дзёрзкім выклікам Крамлю). Не засталася ў баку і Куба. Але яна магла называцца недалучанай краінай толькі фармальна. Бо насамрэч афіцыйнай ідэалёгіяй на востраве Свабоды стаў камунізм, а сама Куба апынулася ў поўнай залежнасьці ад эканамічнай дапамогі СССР, зрабілася ягоным сыравінавым прыдаткам.

У 1960-я гады кубінскія рэвалюцыянэры Чэ Гевара і Фідэль Кастра карысталіся вялікай папулярнасьцю ня толькі ў Савецкім Саюзе, але сярод лявацкай моладзі ва ўсім сьвеце. Але прайшоў час, і камандантэ Фідэль ператварыўся ў карыкатуру на самога сябе. Стары, схуднелы пасьля перанесенай апэрацыі на кішках, з паўвар’яцкім позіркам з-пад сівых броваў – у такім выглядзе ён паўстаў на экране кубінскага тэлебачаньня. На форум ён так і ня змог прыйсьці, хоць і быў абраны старшынём Руху недалучэньня. Гэта выглядае сапраўды сымбалічна, бо і сам рух ператварыўся ў анахранізм, у перажытак мінулага.

Саміт у Гаване нагадваў мітынг адвязаных антыглябалістаў, дзе высокія кіраўнікі слабаразьвітых краінаў, не выбіраючы выразаў, дружна ганілі ЗША і ўвогуле Захад, які, нібыта, адзін вінаваты ва ўсіх бедах, войнах і нястачы трэцяга сьвету. І ніхто з гэтых кіраўнікоў, атрымлівалася, не нясе адказнасьці перад уласным народам за сваю ўласную правальную палітыку.

Кіраўнік Беларусі абяцаў, што яго краіна стане апірышчам Руху ў Эўропе. Зь якой мэтай? Каб эўрапейскія краіны зрабіліся такімі самымі «беднымі, але гордымі», як некаторыя краіны Азіі і Афрыкі? Аляксандар Лукашэнка любіць пахваляцца стабільнасьцю ў сваёй краіне. Ён нібыта забыў, што тэрарызм, рэлігійны фанатызм на пачатку 21 стагодзьдзя прыйшлі з тых краінаў, якія лічаць сябе недалучанымі: з Блізкага і Сярэдняга Ўсходу.

Малайзія, Віетнам, ПАР, Вэнэсуэла, Балівія, Егіпет, Алжыр і Іран – вось сьпіс замежных візытаў Лукашэнкі на бліжэйшы час. Гэта, трэба разумець, сьпіс прыярытэтаў замежнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. І сьпіс магчымых саюзьнікаў, калі не лічыць Расеі? Выглядае, Беларусь можа быць неўзабаве адкінутая нават не ў часы колішняга СССР, але ў часы сярэднявечча – эпоху рэлігійных войнаў і татальнага абскурантызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?